РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

Падчас самай адказнай для сельскіх працаўнікоў пары – жніва – немалаважнае значэнне мае харчаванне механізатараў, якія знаходзяцца ў полі з раніцы да позняга вечара. Раней практычна ўсіх працаўнікоў кармілі сталовыя грамхарчу. У апошнія гады гаспадаркі забяспечваюць харчаванне ўдзельнікаў жніва на базе часовых уласных катлапунктаў.

Работнікі сталовай райспажыўтаварыства ў Валожыне гатуюць абеды толькі для працаўнікоў СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” і ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Усяго атрымліваецца прыкладна 50-60 порцый у дзень, якія адказныя за харчаванне забіраюць з райцэнтра і дастаўляюць сваім работнікам. Пры патрэбе ў сталовай фарміруюць і “сухія пайкі” для механізатараў. Гэты невялікі, але стабільны заказ радуе грамхарчаўцаў. Як і тое, што кожны дзень гатуюць абеды для 85 працаўнікоў “данпродаўскага” свінакомплексу.

 

У раёне дастаткова пустуючых будынкаў, дзе раней размяшчаліся клубныя ўстановы. Закрыліся яны па розных прычынах. Аднак многія паступова набываюць “другое жыццё”. Яны выстаўлены на аўкцыён.

Некалішняя Пральніцкая базавая школа была перададзена на баланс аддзела культуры і там быў створаны культурна-спартыўны цэнтр. Але і ён з цягам часу стаў незапатрабаваным. У жніўні будынак выкупіла кітайская сям’я. Крыху раней маёмасцю кітайцаў стала памяшканне былога дзіцячага сада. Далейшае жыццё пакажа, якая вытворчасць прапішацца ў гэтых будынках…

 

З пачатку бягучага года ў раёне спілаваны 237 аварыйных дрэў, у тым ліку 8 – у Валожыне.

Толькі 15 дрэў спілаваны за кошт жыхароў, астатнія – за бюджэтныя сродкі, у асноўным гэта грошы сельвыканкамаў. Спілоўванне аднаго аварыйнага дрэва з дапамогай спецыяльнай тэхнікі каштуе ў сярэднім ад 250 дэнамінаваных рублёў і больш. Іншы раз, пасля ветравалу, можна абысціся і без тэхнікі, і тады работа каштуе танней.

 

Сёлетні год багаты на яблыкі, ад якіх ломяцца дрэвы ў садах. Райспажыўтаварыству даведзена заданне нарыхтаваць 550 тон яблыкаў ад насельніцтва. За першы тыдзень нарыхтавана 10 тон.

За летні сезон нарыхтоўшчыкі раёна закупілі 9,4 тоны культурных ягад, у асноўным гэта чырвоныя і чорныя парэчкі, агрэст. Нарыхтавалі таксама 34,4 тоны агуркоў, з іх 26,4 тоны – непасрэдна ад насельніцтва. Агуркі адпраўляліся для перапрацоўкі на спецыялізаваныя прадпрыемствы. А вось план па нарыхтоўцы дзікарослых ягад, на жаль, не выкананы. Пры заданні 20 тон чарніц нарыхтавалі ўсяго 700 кілаграмаў. Да гэтай катэгорыі ягад адносіцца і чырвоная рабіна. Яе сёлета многа, так што нарыхтоўшчыкам ёсць шанц выправіць становішча.

 

Акцыя “У цэнтры ўвагі – дзеці” пачалася з 22 жніўня і працягнецца да 23 верасня. Яна накіравана на тое, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем траўматызму і гібелі дзяцей на пажарах. Мерапрыемства будзе праходзіць у тры этапы.

Падчас першага супрацоўнікі РАНС правядуць прафілактычную работу ў буйных гандлёвых кропках, дзе рэалізуюцца тавары для дзяцей школьнага і дашкольнага ўзростаў. Пажарныя напомняць пра прычыны ўзнікнення надзвычайных сітуацый, правілы паводзін на пажарах, раздадуць календары і брашуры тэматычнай накіраванасці, з нумарамі тэлефонаў экстранных службаў. Юным наведвальнікам падораць друкаваную інфармацыйную прадукцыю і расфарбоўкі. У аддзелах продажу школьнага аддзення можна будзе ўбачыць форменнае аддзенне пажарных-выратавальнікаў, у аддзелах канцтавараў – вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Другі этап акцыі пройдзе ў школах. Супрацоўнікі РАНС прыйдуць на лінейкі і класныя сходы, правядуць гутаркі з дзецьмі і іх бацькамі. Прафілактычныя гутаркі дапамогуць захаваць жыццё і здароўе дзяцей. Запланавана і практычная адпрацоўка дзеянняў у выпадках надзвычайных здарэнняў. На трэцім этапе работнікі аддзела прыйдуць у дзіцячыя дашкольныя ўстановы.



Добавить комментарий