На веласіпедах з Брэста да Мінска праз Валожын

Официально

Група веласіпедыстаў, апранутых у белыя майкі з надпісам “Цвярозая Беларусь”, з’явілася на плошчы Свабоды райцэнтра адным з нядаўніх жнівеньскіх вечароў.

    Гэта былі ўдзельнікі Беларускага грамадскага аб’яднання “Цвярозасць-Аптымаліст”, якія наладзілі свой чарговы, 23-і велапрабег, стартаваўшы з Брэсцкай крэпасці і маючы намер завяршыць яго на “Лініі Сталіна” пад Мінскам.

Сёлета акцыя спартсменаў (а падобныя яны арганізоўваюць кожны год) прысвечана 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і, вядома ж, вядзенню здаровага ладу жыцця, без алкаголю і цыгарэт. Кіламетр за кіламетрам яны пакараюць дарогі краіны, заязджаючы на шляху ў гарады і вёскі, каб данесці да мясцовых жыхароў думку, паказаць на сваім прыкладзе: гарэлцы, як і тытуню, не месца ў жыцці свядомага чалавека, яны ствараюць неадольную перашкоду пры дасягненні любых мэт. Кіруе аб’яднаннем Валянцін Андрэевіч Талкачоў, віцэ-прэзідэнт, акадэмік, прафесар Міжнароднай акадэміі цвярозасці, эксперт ААН па праблемах наркатызму і цвярозасці, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нягледзячы на тое, што яму ўжо 77 гадоў, мужчына па-ранейшаму руліць наперадзе веласіпеднай каманды, і каб дагнаць яго, па прызнанні ўдзельнікаў прабегу, даводзіцца істотна папрацаваць педалямі.

Спартсмены завіталі ў Валожын з Навагрудка і Іўя, дзе былі іх папярэднія пункты прыпынку. У горадзе іх сустрэлі прадстаўнікі адміністрацыі раёна, работнікі сістэмы аховы здароўя і пакаленне “next” з ліку членаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Валянцін Андрэевіч прачытаў прысутным сапраўдную лекцыю пра неабходнасць вядзення здаровага ладу жыцця. Па яго словах, рэсурс арганізма чалавека разлічаны больш чым на 100 гадоў. А мы самі вінаватыя ў тым, што гэты тэрмін аказваецца куды карацейшым. Многія з тых, хто стаў верным сябрам аб’яднання, мелі раней праблемы з алкаголем, курэннем і нават зрокам. І паспяхова пазбавіліся ад іх, дзякуючы метаду Шычко – без медыкаментознага ўмяшальніцтва, кадзіравання і інш. – толькі пры дапамозе самастойнай працы над сабой. “Жыццё можна параўнаць з птушкай, – распавёў прысутным В. А. Талкачоў. – На кончыку дзюбы – мэта пражыць дастойна, годна, ярка. Але, каб дасягнуць яе, трэба істотна папрацаваць крыламі. Адно крыло – гэта адукацыя і пастаяннае самаўдасканаленне. А другое – цвярозы лад жыцця”. Таксама Валянцін Андрэевіч даў некалькі карысных рэкамендацый, якія падыходзяць для ўсіх.

Паколькі справа набліжалася да ночы, спартсмены вырашылі раскінуць паходны лагер і падсілкавацца. Гэта тыя людзі, хто “ўсё сваё вязе з сабой”, таму і запыты ў іх былі самыя непатрабавальныя – усяго толькі наконт месца, дзе можна расставіць палаткі ды набраць пітной вады. Размясціліся яны на гаспадарчым стадыёне ў Бабровічах, пасільную дапамогу ім аказалі работнікі мясцовага Дома культуры. На наступны дзень высакародны тур быў працягнуты.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий