Перамаглi з разгромным лiкам

Спорт

У мінулыя выхадныя Ашмяны прымалі ўдзельнікаў рэспубліканскага турніру на прыз асацыяцыі Беларускай федэрацыі футбола.

Ад нашага раёна ўдзельнічалі выхаванцы трэнераў А. П. Кавязы і А. У. Пракаповіча 2007-2008 гадоў нараджэння.

Сярод каманд самымі моцнымі і падрыхтаванымі аказаліся валожынцы. З лікам 2:0 яны перамаглі сапернікаў са Смалявіч. У другі раз сустракаліся з гаспадарамі футбольнага поля і забілі 10 галоў у іх вароты, у свае ж не прапусцілі ніводнага. “Ураджайным” аказаўся і фінал: 8:1 на карысць нашых спартсменаў. Найбольш выніковым нападаючым турніру стаў гімназіст Аляксандр Жэка, а яго аднакласнікі па 5 “А” Ягор Казлоў і Леанід Сухадольскі заваявалі славу лепшых варатара і абаронцы.

Каманда юных футбалістаў трэніруецца на базе гімназіі. Хлопцы імкнуцца прытрымлівацца спартыўнага рэжыму і на канікулах. У гэтым ім дапамагаюць і бацькі. У дзень пераможнага трыумфу яны, дарэчы, білі побач: дружна хварэлі, бурна віталі кожны забіты мяч.

Фінансавую падтрымку для ўдзелу каманды ў турніры аказаў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Надзея”. Яго супрацоўнікі першымі і павіншавалі пераможцаў.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий