Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

ЗАХАЦЕЛАСЯ ПАРУЛІЦЬ

Вясковы магазін у Шчалканах размяшчаецца ля самай шашы, і сюды часта наведваюцца вадзіцелі. Вось і сталічнаму пенсіянеру нешта спатрэбілася тут купіць. Ён заглушыў матор сваёй ужо не новенькай аўтамашыны, ключы ж неабачліва пакінуў у замку запальвання. Калі чалавек выйшаў з пакупкамі, то яго “ВАЗ-2105” ужо “адчальваў” з месца паркоўкі. Пацярпеламу нічога не заставалася, як паведаміць аб учыненым злачынстве ў міліцыю. Угоншчыка затрымалі даволі хутка. Ім аказаўся нідзе не працуючы, раней не судзімы жыхар вёскі Каліварыя 1973 года нараджэння. Ён прызнаўся, што завалодаў чужым аўтамабілем без мэты крадзяжу. Такія дзеянні класіфікуюцца як угон і караюцца па законе больш жорсткімі санкцыямі, чым крадзеж.

Яшчэ адзін угоншчык злоўлены ў Аўгустове. Там мясцовы жыхар 1988 года нараджэння не змог устаяць перад аўтамабілем “Аўдзі-80”. Шляхам свабоднага доступу ён пранік у салон іншамаркі і ўчыніў паездку без дазволу гаспадыні транспартнага сродку. Гэты крымінальны “ваяж” таксама быў спынены прадстаўнікамі праваахоўных органаў.

Кінутая без нагляду на аўтадарозе непадалёку  вёскі Люташ легкавушка “Таёта Карола” прыглянулася нейкаму несумленнаму грамадзяніну. Але паколькі ключоў у ёй не аказалася, то тут абышлося без угону. Зламыснік проста старанна “абчысціў” салон. Ён забраў усё, што толькі змог знайсці ці адкруціць. Агульны ўрон ад учыненага пацярпелы ацаніў больш чым у 800 рублёў.

 

ПАЦЯГНУЛА НА САЛОДКАЕ

60 слоікаў варэння ўкрадзены са склепа пенсіянеркі з вёскі Анцэлеўшчына. Зараз вядуцца пошукі невядомага ласуна, які пад покрывам ночы зламаў навясны замок і забраў запасы, старанна нарыхтаваныя гаспадыняй на зіму.

 

АПОШНЯЯ ДАРОГА

У дзяжурную часць РАУС паступіла паведамленне, што ў вёсцы Сакаўшчына мужчына зваліўся з веласіпеда і не падае прыкмет жыцця. Прыехаўшыя на месца здарэння медыкі канстатавалі смерць пацярпелага. Ім аказаўся 55-гадовы жыхар райцэнтра.

 

СТРАХА НЕ ЗАСТРАХАВАЛА…

На гарышчы, пад самай страхой жыхар вёскі Бурнейкі захоўваў зарэгістраванае ружжо. Але аднойчы зброі на месцы не аказалася. Аб прапажы мужчына паведаміў у міліцыю. Зараз вядуцца пошукі таго, хто мог бы ўчыніць крадзеж агнястрэльнай зброі.

 

СПАДЗЯВАЛІСЯ ЗЛАВІЦЬ КАЙФ…

Жыхары Філіпінятаў заўважылі на вясковай вуліцы невядомага грамадзяніна, які паводзіў сябе падазрона, пра што тут жа і паведамілі ў міліцыю. Супрацоўнікі РАУС мужчыну затрымалі, асобу яго ўстанавілі. Затрыманым аказаўся неаднойчы судзімы мінчанін 1972 года нараджэння. Падчас вобыску ў яго быў выяўлены невялічкі цэлафанавы пакет з рэчывам расліннага паходжання. Праведзеная экспертыза паказала, што гэта наркатычная сыравіна. Узбуджана крымінальная справа.

За парушэнне норм антынаркатычнага заканадаўства давядзецца адказваць і маладому жыхару Валожына, які ў стане наркатычнага ап’янення знаходзіўся ў маршрутным таксі “Мінск-Валожын”. Як пазней высветлілася, пры сабе хлопец меў пэўную колькасць асабліва небяспечных “спайсаў”. Неадэкватны пасажыр затрыманы, асобы, якія забяспечылі яго псіхатропамі ў сталіцы, устанаўліваюцца.

 

ЗНІКЛІ ВУДЫ ДЗЕСЬЦІ

У жыхаркі вёскі Лістапады нязваныя госці праніклі ў дом і забралі цэлы спіс рэчаў. Праўда, вялікага ўрону не ўчынілі. Сярод украдзенага самым каштоўным аказаўся прас. Гэты бытавы электрапрыбор стаіць асабняком ад іншых прадметаў, на якія злодзей паквапіўся. Ён забраў усе вуды і рыбацкія прылады, што знайшліся ў доме, а таксама не пагрэбаваў рыбнымі кансервамі “Гарбуша” і “Сайра” і бутэлькай гарэлкі.

Матэрыял па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий