Сядзiба заслугоўвае слоў захаплення

Общество

Паўлін «прызямліўся» ў Сугваздах І не толькі паўлін. Па падворку Валерыя Фёдаравіча і Надзеі Аляксееўны Селівонаў гуляюць лебедзі, адпачываюць буслы, а таксама ўтульна адчуваюць сябе іншыя істоты, у тым ліку і казачныя.

    Якіх толькі ўпрыгажэнняў не пабачыш на вясковых дварах! Сапраўды, фантазія ў людзей не ведае межаў. Але прыгажун-паўлін уразіў асабліва.

    І ўсё гэта з пластыкавых бутэлек. Цікава, ці здагадваліся ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя супрацоўнікі кампаніі “Кока-кола”, што яны стварылі не проста зручную тару, а рэч з неабмежаваным полем выкарыстання? Кармушкі для птушак і прыстасаванні для замацавання падзараднага ўстройства да мабільнікаў, абажуры і лодкі… Можна цэлую манаграфію па тэме “Пластыкавая бутэлька і яе роля ў нашым жыцці” напісаць. Прычым кожны год гэта манаграфія патрабавала б абнаўлення і дапаўнення.

  4  Але вернемся да паўліна. Рукатворную цуда-птушку Надзея Аляксееўна ўпершыню пабачыла на сваёй радзіме – Быхаўшчыне і вырашыла, што абавязкова зробіць такую ж. Прыехаўшы дадому, знайшла ў Інтэрнэце сайт з майстар-класам і прыступіла да ажыццяўлення задумкі. Да работы падключыліся дочкі Алеся і Сняжана, унукі. Паўлін “рос” як на дражджах, за зіму дасягнуў патрэбнага памеру і выгляду. Красуецца зараз пасярод двара, бы нейкая дзівосная кветка.

    Дарэчы, кветнік у Селівонаў заслугоўвае слоў захаплення не менш, чым паўлін. Калі б у раёне праводзілася першынство па колькасці лілей на падворку, то гэта сям’я магла б прэтэндаваць на перамогу. Пышныя кветкі красуюцца яшчэ і на “нічыйнай” тэрыторыі: вялікі ўчастак засаджаны радамі рознакаляровых лілій. Кінуўшы вокам на такую прыгажосць, можна і не сумнявацца – тут жывуць людзі гаспадарлівыя, дасціпныя. Людзі, якія моцна любяць сваю вёску…

Алена

ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий