Тэрыторыя крэатыўнай эканомiкi

Официально

Нядаўна па ініцыятыве рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” ў рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” прайшоў навучальны візіт па аграсядзібах і фермерскіх гаспадарках Валожыншчыны. У ім удзельнічалі многія прадстаўнікі розных рэгіёнаў краіны, так ці інакш звязаных з турыстычным бізнесам. Вопыт нашага раёна ў гэтым кірунку аказаўся ўнікальным і запатрабаваным.

     Наш раён па праве лічыцца лідарам у рэспубліцы па рэалізацыі многіх інавацыйных пачынанняў. Усе яны аб’яднаны агульнай ідэяй, і на гэтай аснове цяпер сумеснымі намаганнямі гаспадароў аграсядзіб, прадстаўнікоў органаў улады, бізнесу, грамадскіх арганізацый і інш. ствараецца мадэль крэатыўнага тэрытарыяльнага развіцця. Вялікую цікавасць для гасцей уяўляе сабой зялёны маршрут “Валожынскія гасцінцы”, створаны і паспяхова дзейнічаюць некалькі экамузеяў і мастацкіх галерэй. У спіс актыўнага наведання ўваходзяць больш за 180 аб’ектаў, якія маюць гістарычную, культурную ці архітэктурную значнасць, і 36 аграэкасядзіб, з’яднаных у кластарную сістэму. Сутнасць яе ў тым, што гаспадары сядзіб працуюць у цесным тандэме: калі да аднаго з іх прыехалі турысты, ён арганізуе тур да іншых сваіх калег, і тыя таксама маюць магчымасць прадэманстраваць усе перавагі, распрацоўкі і навінкі ўласнага агратурыстычнага бізнесу.

Гэтыя меры эфектыўна садзейнічаюць распаўсюджанню станоўчай інфармацыі пра раён у турыстычным асяроддзі і прыцягваюць у наш край усё большую колькасць жадаючых прыемна і змястоўна адпачыць на маляўнічай прыродзе Валожыншчыны. З усім багаццем і разнастайнасцю прапануемых паслуг удзельнікі тура пазнаёміліся на месцах.

 

НА МАЛЯЎНІЧЫМ

УЗБЯРЭЖЖЫ

    Унікальныя краявіды паўстаюць перад поглядам турыста, які вырашыў наведаць сядзібу “За масточкам”. Яна месціцца на беразе Сакаўшчынскага вадасховішча, а гаспадары – Дзмітрый і Ганна Наканечныя – з’яўляюцца вопытнымі рыбаловамі, паляўнічымі і вялікімі выдумшчыкамі на займальныя забавы! Сюды звычайна прыязджаюць аматары актыўнага адпачынку: камусьці да душы будзе пагуляць у настольны тэніс, некаму – пакатацца на веласіпедах, а хтосьці з задавальненнем пройдзе навучанне падводнай рыбалцы ці адправіцца ў аднадзённы паход на лодцы па рацэ… Яшчэ адно «ноу-хау”, ідэю якога ўладальнікі аграсядзібы прывезлі з Польшчы, – вясёлае каманднае спаборніцтва “вадзянога бою” з дапамогай дзвюх міні-катапультаў. Госці высока ацанілі прапанаваны спектр паслуг, а таксама палюбаваліся арганічна ўпісаным у прыроду ландшафтным дызайнам, паспрабавалі на смак арыгінальную кашу з гарбузоў – гэта страва, дарэчы, уключана ў “Кулінарную карту Беларусі”, распрацаваную БГА “Адпачынак у вёсцы”.

 

СЯРОД ПУШЧАНСКІХ

КРАЯВІДАЎ

    Наступны пункт азнаямленчага тура – наведанне экалагічнай сцежкі ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі”. У самым буйным лясным масіве на тэрыторыі Еўропы нас сустракае вопытны егер-праваднік. Ён упэўнена вядзе гасцей па самых маляўнічых месцах Налібоччыны, расказвае пра яе раслінны і жывёльны свет. Менавіта тут сталуюцца цары беларускай прыроды – зубры. Тут шмат аленяў, казуль. Тут жывуць рысі, а таксама з’явіліся рэдкія для сучаснасці “пасяленцы” – 4 мядзведзі… А яшчэ на тэрыторыі заказніка бяруць пачатак 23 рэчкі! І прыхінуцца да ўсёй гэтай прыгажосці можна любому чалавеку, які захоча наведаць экасцяжыну, уключыцца ў спіс удзельнікаў веламаршруту альбо займее намер папаляваць па старабеларускіх традыцыях…

 

НЕЗАБЫЎНЫ

СМАК ШУРПЫ

    Шурпа – гэта густы, наварысты булён з мясам казулі. Надзвычай смачны і пажыўны. А сакрэтамі яго прыгатавання майстэрскі валодаюць гаспадары сядзібы “Налібоцкія васількі” Васіль і Марыя Шакуны. Хлебасольна сустрэўшы ўдзельнікаў семінара, яны не забылі пацешыць гасцей гэтай традыцыйнай стравай налібоцкіх паляўнічых. А Васіль Уладзіміравіч падзяліўся сваімі ведамі і назіраннямі ў гісторыі, краязнаўстве, біялогіі – ён цікавейшы расказчык, і пра прыгажосць, багацце старажытнай Налібоччыны гатовы расказваць гадзінамі, ні разу не паўтарыўшыся.

НА КОНЯХ –

У ЦАРСТВА КВЕТАК…

    На наступным пункце нашага прыпынку пазначаем у блакнотах: “Коні-поні” – гэта не проста сядзіба, а фермерская гаспадарка. І займаюцца тут развядзеннем вупражных коней і поні розных парод. У своеасаблівым прыродным заапарку жывуць таксама ламы, казляняты, в’етнамскія свінкі, авечкі і трусы, паважна ходзяць па вальеры некалькі страусаў. Ёсць на што паглядзець! “Фірменная” паслуга – катанне на дыліжансах – тут пастаўлена на шырокую нагу. І для нас Аляксандр Сталярскі арганізаваў тур па міхалоўскіх ваколіцах, канечным пунктам прыпынку якога з’яўляецца кветкавая гаспадарка “Экафлора” – адзін з лідараў беларускага рынку па вытворчасці высакаякаснай расады. Перад вачамі – грандыёзны кветкавы сад, які песціць душу рознакаляровымі пялёсткамі. Жаночая частка ўдзельнікаў семінара не прапусціла магчымасці даведацца ад прафесіяналаў, як даглядаць за тымі ці іншымі відамі красак…

 

ЭКАМУЗЕІ МУЗЫКІ

І БОРТНІЦТВА

  6  Запамінальнымі выйшлі візіты ў два экамузеі Валожыншчыны. Каля старавіленскай дарогі, якая памятае яшчэ капыты каня князя Вітаўта, месціцца “Хутар Дудара”. Яго ўладальнік – чалавек-аркестр Алесь Лось. Ён сустрэў нас з дудой у руках. А пасля правёў пазнавальную лекцыю з гісторыі аўтэнтычных музычных інструментаў, якія і прадэманстраваў гасцям у сваім музеі.

Ад гасціннага музыкі трымаем кірунак да экамузея “Свет пчол” – вотчыны Васіля Фралова. Пасля цікавай экскурсіі па сваіх уладаннях гаспадар запрасіў на дэгустацыю блінчыкаў, начыненых духмяным мёдам, і чаю з лясных траў. Мы як “турысты” ў захапленні ад абодвух візітаў, карысных як душы, так і целу…

 

ЗА ТВОРЧАСЦЮ –

У “ГАНКУ”

    На парозе свайго дзецішча сустракае гасцей сам Анатоль Ганец – традыцыйна з акардэонам, тузінам жартаў і выдатным, “зараджальным” настроем! Як слушна заўважыў гаспадар падчас экскурсіі, “звычайнай лазні і шашлыка для сённяшняга турыста катастрафічна мала. Таму кожны ўладальнік сядзібы шукае новыя падыходы да кліента, прапануе новыя паслугі. Галоўнае – рабіць гэта з душой”. Па тым жа прынцыпе развіваецца і сядзіба “Ганка”. Сёння тут ужо наладжана работа вяровачнага гарадка з тралеямі над возерам, прапануюць і катанне на конях з аглядам знакавых месцаў акругі. Таксама гасцям прадстаўляецца магчымасць паспытаць сябе ў працэсе стварэння вырабаў пляцення, ткацтва, валяння і інш.

Тут жа прайшоў і завяршальны “круглы стол” семінара, на якім яшчэ раз было падкрэслена: Валожыншчына – тое месца, куды цікава прыехаць і турысту, і таму, хто хоча развіваць свой рэгіён па падобнай мадэлі: ярка, крэатыўна, прыбыткова.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий