РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

 Завяршаецца капітальны рамонт даху і балконаў у доме № 29а па вуліцы Чапаева ў райцэнтры. Аналагічныя работы РУП “Валожынскі жылкамунгас” вядзе ў доме № 22 па вуліцы Партызанскай. Шмат гарадскіх шматпавярховак чакаюць сваёй чаргі на капітальныя рамонтныя работы.

На жаль, сродкі на капітальны рамонт абмежаваныя. Сёлета пакуль што толькі ў адным доме ён быў даведзены да завяршэння: у доме № 2 па вуліцы Леніна ў гарадскім пасёлку Івянец. Рамонт даху тут быў скончаны ў сакавіку. І на той момант ён абышоўся жылкамунгасу ў 680 мільёнаў недэмінаваных рублёў.

 

Традыцыйна РК БРСМ напярэдадні навучальнага года праводзіць дабрачынную акцыю “У школу – з добрым сэрцам”, падчас якой збіраюцца канцылярскія тавары для дзяцей з маламаёмных сем’яў.

Скрынка для збору школьна-канцылярскіх прылад устаноўлена ў магазіне “Вясёлка” ў доме № 4 па вуліцы Партызанскай. Яшчэ ёць некалькі дзён, каб напоўніць яе ручкамі, алоўкамі, фламастарамі, фарбамі, сшыткамі і іншымі прыладамі і ўнесці свой уклад у дабрачынную справу. Пад апекай маладзёжная арганізацыя трымае некалькі сем’яў і некаторых ліцэістаў-сірот.

 

ТАА “Тэраміт” прапісалася ў нашым раёне не так даўно, набыўшы ў сваю ўласнасць памяшканне былой сталовай райспажыўтаварыства ў вёсцы Бабровічы. Цяпер тут працуе цэх па перапрацоўцы мяса. Таварыства мае тры ўласныя гандлёвыя кропкі:  дзве з іх – у Мінску і адна ў першых чыслах жніўня адкрылася ў Валожыне.

     Асартымент “Мясной лаўкі” пакуль што карыстаецца павышаным попытам у гараджан, задавольваюць якасць і цэны. Свежую прадукцыю завозяць па два разы на дзень. “Тэраміт” забяспечыў рабочыя месцы 22 мясцовым жыхарам, некаторых спецыялістаў дастаўляюць з райцэнтра. У далейшых планах кіраўніцтва – адкрыць дадаткова яшчэ да 30 рабочых месцаў. Для сеткі не толькі ўласных магазінаў, але і іншых, з якімі заключаны дагаворы, гатуюць мясныя паўфабрыкаты – дамашнія (пальцам піханыя каўбасы) са свініны і кураціны, фаршы, сала і паляндвіцу. У продажы ёсць ахалоджаная свініна, мяса курыцы і гавядзіна. Пакуль што асартымент выпускаемай тут прадукцыі – каля 30 пазіцый, у далейшых планах – разнастаіць і пашырыць яго. З Бабровічаў адпраўляюць сыравіну і на мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы рэспублікі. Экспартуюць сваю прадукцыю ў Маскву і Санкт-Пецярбург. Палітыка, якой цвёрда прытрымліваюцца прадпрымальнікі, – толькі натуральны прадукт, без ніякіх шкодных дабавак і напаўняльнікаў, пускаць на перапрацоўку толькі свежае, а не замарожанае мяса.

 

У аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама створаны банк даных кандыдатаў ва ўсынавіцелі. На жнівень бягучага года тут налічваюцца 5 кандыдатаў, якія прайшлі медыцынскае абследаванне і псіхалагічную дыягностыку.

У 2014 годзе ў раёне былі ўсыноўлены 7 дзяцей, у 2015 годзе – 3. Сёлета пакуль што ніводнага. Няма дзяцей з адпаведным статусам, якія б падыходзілі для ўсынаўлення. Дарэчы, як зазначыла галоўны спецыяліст Святлана Паскробка, якая займаецца пытаннямі апекі і папячыцельства, больш за ўсё “каціруюцца” немаўляты альбо дзеці ад 3 да 5 гадоў, адным словам, дашкольнікі. І яшчэ яна заўважыла такую асаблівасць: часцей за ўсё будучыя бацькі жадаюць забраць у сваю сям’ю хлопчыкаў.

 

25 жніўня ў рамках рэалізацыі праекта “Валожын без бар’ераў” рабочая група, у склад якой уваходзяць і прадстаўнікі Беларускага таварыства інвалідаў, непасрэдна інваліды-калясачнікі, абследавала спецыяльны нумар для інвалідаў у гасцініцы “Карона”, размешчаны на першым паверсе, туалет і стаянку ля яе.

    Здавалася б, у гасцініцы, якая ўзведзена зусім нядаўна, усе зручнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі павінны існаваць, аднак на справе іх яшчэ належыць давесці да стандартаў. У прыватнасці, некаторай рэканструкцыі патрабуе гасцінічны нумар, не ўсё ў парадку і са стаянкай. У хуткім часе ўсе адзначаныя аб’екты будуць даведзены да патрэбных стандартаў.

 

Занальныя спаборніцтвы абласной спартакіяды сярод фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў па месцы жыхарства прайшлі ў Маладзечне. У іх прымалі ўдзел каманды ФАЦаў з Валожына, Маладзечна, Вілейкі і Мядзеля.

    У праграме былі спаборніцтвы па валейболе, футболе, настольным тэнісе і аэробіцы. Каманда ФАЦ “Надзея”  райцэнтра прымала ўдзел у першых трох. У саставе нашай каманды былі 16 мужчын і адна жанчына (выступала ў спаборніцтвах па настольным тэнісе). У фінал спартакіяды выходзілі каманды, заняўшыя першыя месцы ў сваёй зоне. Нашых спартсменаў у іх ліку няма.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *