Падзяка – за развіццё культуры

Общество

Падчас рэгіянальнага сходу дэпутатаў Падзяку Мінаблвыканкама атрымаў дырэктар Івянецкага гарпасялковага Дома культуры Станіслаў Іванавіч БУРАЧЭЎСКІ за плённую працу, захаванне традыцый і развіццё роднай мовы і культуры грамадзян польскай нацыянальнасці.

Станіслаў Іванавіч узначальвае яшчэ і івянецкі Дом польскі, члены якога ствараюць адну з буйнейшых суполак рэспублікі ў складзе грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”. Адметна, што С. І. Бурачэўскі аказаўся адзіным прадстаўніком Міншчыны сярод тых, хто атрымаў прымеркаваную да 25-годдзя дзейнасці ГА “СПБ” высокую ўзнагароду. І насамрэч заслужана: у лік найважнейшых паказчыкаў дзейнасці івянецкага Дома польскага яшчэ некалькі гадоў таму трапіў выхад на самафінансаванне. Як прызнаецца Станіслаў Іванавіч, гэтаму папярэднічала засяроджаная, напружаная праца не толькі ў галіне распрацоўкі і рэалізацыі маштабных бізнес-планаў, але і вырашэнне шматлікіх пытанняў юрыдычнага і эканамічнага характару, якія б не супярэчылі заканадаўствам абедзвюх краін.

    Сёння івянецкую суполку выдатна ведаюць у многіх гарадах Еўропы – галоўным чынам дзякуючы яркім галасам і невычэрпнай харызме ўдзельнікаў ансамбля польскай песні “Івянчанка”. У шматнацыянальным складзе выканаўцаў яны пакаралі сэрцы гледачоў на канцэртах у краінах Прыбалтыкі, Украіне, Славеніі, Аўстрыі і, вядома ж, самой Польшчы. Дарэчы, усё тое ж самафінансаванне дазволіла не толькі аплачваць салістам замежныя камандзіроўкі, але і істотна разнастаіць жыццё гарпасялковай польскай суполкі. З’явілася магчымасць арганізоўваць займальныя паездкі і ўручаць абавязковыя навагоднія падарункі дзецям, якія вывучаюць польскую мову ў Івянецкай сярэдняй школе (сёлета, як і ў мінулым годзе, працаваць над пашырэннем уласных лінгвістычных здольнасцей будуць 2 групы вучняў агульным складам каля 30 чалавек). Таксама члены івянецкага Дома польскага атрымліваюць падарункі да юбілейных Дзён нараджэння, для іх на Каляды і Вялікдзень ладзяцца салодкія сталы.

Тэкст і фота

Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий