У чым сiла i слабасць iнтэрнэту

Общество

У чым сiла i слабасць iнтэрнэту, разбіраліся на сумесным гульнёвым трэнінгу, праведзеным у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, маладыя спецыялісты раёна.

 Адной з форм супрацоўніцтва з маладымі спецыялістамі стала арганізаванае аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, райкамам ГА “БРСМ” і тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва мерапрыемства, падчас якога моладзь, што сёлета пачала свой працоўны шлях у арганізацыях, прадпрыемствах і ўстановах раёна, атрымала магчымасць пабываць на азнаямленчай экскурсіі па цікавых мясцінах, пазнаёміцца між сабой, а затым і паразважаць разам у гульнёвай форме над актуальнымі пытаннямі ўплыву сусветнай камп’ютарнай сеткі на станаўленне асобы чалавека і яго наступнае жыццё.

Пасля займальнага падарожжа ўвагай маладых спецыялістаў цалкам завалодала псіхолаг ТЦСАН Алена Жданюк. Сутнасць трэнінгу зводзілася да таго, каб разам разабрацца ва ўсіх плюсах і мінусах, якія дае чалавеку глабальная электронная павуціна, але па факце мерапрыемства мела і іншы, больш глыбокі, змест – дапамагчы ўчарашнім выпускнікам навучальных устаноў зняць псіхалагічнае напружанне, звязанае з новымі ўмовамі жыцця, а таксама завесці карысныя і прыемныя знаёмствы, адчуць сябе паўнапраўным членам дружнай маладзёжнай сям’і.

    У спрэчках нараджаецца ісціна! Падчас занятку ўтварыліся дзве каманды, у задачы якіх уваходзіла назваць і аргументаваць станоўчыя і адмоўныя моманты карыстання Інтэрнэтам. І яны бліскуча справіліся з заданнем, прывёўшы каля дзясятка прыкладаў з кожнага боку. У якасці падагульнення адзначылі: усе вольныя самі выбіраць інфармацыю па сваім гусце, і здароваму даросламу чалавеку Інтэрнэт прынясе шмат карысці. А вось дзяцей варта абмежаваць у сёрфінгу па бяскрайніх прасторах павуціны – у цёмных кутках хаваецца шмат інфармацыі, здольнай негатыўна паўплываць на неакрэплую псіхіку малога. Па вялікім рахунку, сённяшнія маладыя спецыялісты адзначылі, што будучых уласных дзяцей да пэўнага ўзросту намерваюцца абмежаваць у стасунках з камп’ютарам.

    Ці суджана рэалізавацца гэтым планам, пакажа толькі час. А праграма-мінімум мерапрыемства ў той дзень была выканана, і нефармальнае “жывое” знаёмства працягнулася за смачным салодкім сталом.

Сяргей САДОЎСКІ

 



Добавить комментарий