Не ўпэўнены – не страляй!

Закон и порядок

Паляванне «па пяры» ў летне-асенні перыяд, асабліва на качку, заўсёды было адным з самых папулярных і масавых у нашай краіне.

    Пералік дазволенай да здабычы ў дадзеным сезоне птушынай дзічыны ўключае 25 відаў птушак. З іх асноўнымі аб’ектамі палявання з’яўляюцца крыжанка, чырок-траскунок і чырок-свістунок, лысуха, чырвонагаловая і чубатая чарнеці, вяхір, шэрая курапатка і бакас. Паляванне на гусей у асенні перыяд менш папулярнае, чым вясной.

    Паляваць можна ў светлы час сутак наступнымі спосабамі: з засады, з падыходу, з пад’езду з ужываннем маламерных суднаў (без рухавікоў або з выключанымі рухавікамі). Дазваляецца выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю і забяспечаныя шротам патроны, паляўнічых сабак усіх груп, за выключэннем гончых і хартоў. Дапускаецца безружэйнае паляванне з выкарыстаннем лоўчых птушак. Поўныя пералікі паляўнічых жывёл, а таксама тэрмінаў, спосабаў і прылад палявання ўтрымліваюцца ў дадатках 1 і 2 да Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання.

    Адкрыццё летне-асенняга сезона палявання на вадаплаўную (акрамя гусей) і балотную дзічыну, вальдшнэпа, вехіра, голуба шызага, перапёлку і фазана прыпадае на другую суботу жніўня. З першай суботы верасня спіс дапаўняецца рабчыкам і шэрай курапаткай, а з трэцяй суботы верасня – гуссю белалобай, гуссю-гуменнікам, гуссю шэрай і канадскай казаркай. Працягнецца сезон да другой нядзелі снежня.

    Дапускаецца здабыча толькі тых звяроў і птушак, якія названы ў паляўнічай пуцёўцы! Выключэнні складаюць некаторыя віды. Пры любым законным знаходжанні ў паляўнічых угоддзях (з мэтай палявання) паляўнічым дазваляецца таксама здабыча ваўка, лісіцы, янотападобнага сабакі, вароны шэрай, сарокі, адстрэл бадзяжных кошак і беспародных сабак з выкарыстаннем спосабаў і прылад, што дазволены для палявання на жывёл, названых у паляўнічай пуцёўцы.

    Нават ненаўмысная здабыча дзікай жывёлы, якая не ўваходзіць у пералік паляўнічых відаў, ці паляўнічай жывёлы, не названай у паляўнічай пуцёўцы, тоіць у сабе сур’ёзную небяспеку і можа надоўга пазбавіць паляўнічага магчымасці займацца любімай справай.

    Здабыча дзікай жывёлы, што не адносіцца да паляўнічай, ці паляўнічай жывёлы, не названай у паляўнічай пуцёўцы (акрамя ваўка, лісіцы, янотападобнага сабакі, вароны шэрай і сарокі), з’яўляецца незаконным паляваннем і цягне за сабой адміністрацыйную (ч. 1 арт. 15.37 КоАП Рэспублікі Беларусь) ці крымінальную (арт. 282 КК Рэспублікі Беларусь) адказнасць.

    Акрамя таго, парушальнік абавязаны будзе пакрыць прычыненую навакольнаму асяроддзю шкоду. У выпадку незаконнай здабычы чырванакніжнай жывёлы ці той, якая з’яўляецца ўзорам СІТЕS (Канвенцыя аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення), памер шкоды вылічаецца ў трайным ці двайным памерах адпаведна. Пры незаконнай здабычы дзікай жывёлы ва ўгоддзях, дзе яе выемка забаронена, памер шкоды вылічаецца ў трайным памеры.

Дзмітрый ЯЗЕРСКІ,

дзяржінспектар Маладзечанскай

міжрайінспекцыі аховы

жывёльнага і расліннага свету



Добавить комментарий