Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

ПАПАЎСЯ НА КРАДЗЯЖЫ

    Супрацоўнікі міліцыі атрымалі паведамленне аб крадзяжы маёмасці ад пенсіянеркі з вёскі Ясьманаўцы. Выехаўшы на месца, яны без цяжкасцей склалі карціну злачынства: злодзей свабодна пранік у лазню на тэрыторыі сядзібы пацярпелай і выкраў адтуль мультыпартатыўную акустычную сістэму з флэш-картай у камплекце. Высветлілася, што ганебны ўчынак здзейсніў раней неаднаразова судзімы малады жыхар адной з блізкіх вёсак. Сума нанесенага жанчыне матэрыяльнага ўрону склала 60 дэнамінаваных рублёў. Рабаўнік цяпер “бавіць час” у ізалятары часовага ўтрымання РАУС, маёмасць знойдзена і хутка будзе вернута гаспадыні.

100 ЛІТРАЎ СПІРТНОГА

– а дакладней, 200 бутэлек гарэлкі “Белая Бяроза” без акцызных марак Рэспублікі Беларусь – перавозіў на сваім аўтамабілі жыхар Навагрудка. Яго спынілі на тэрыторыі нашага раёна, непадалёк вёскі Кібуці, дзе ў той час праходзіў міліцэйскі рэйд. 190 бутэлек на агульную суму 340 рублёў канфіскаваны, на мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол.

КОСЦІ ПАД ПЯСКОМ…

    У аператыўна-дзяжурную часць РАУС звярнулася загадчыца адной з ферм нашага раёна. Нагода для званка аказалася дастаткова жудаснай: падчас работ па адсыпцы пяску на тэрыторыі сельскагаспадарчага аб’екта людзі нечакана натыкнуліся на чалавечыя косці. Рэшткі шкілета небаракі, які (ці якая) знайшоў тут апошні спачын у часы Вялікай Айчыннай вайны, былі накіраваны на экспертызу, а потым – з урачыстасцямі перазахаваны.

СЯРОД ПАЦЯРПЕЛЫХ – ДАЧНІКІ

    Супрацоўнікі праваахоўных органаў займаюцца расследаваннем справы, якую завялі пасля паведамлення дачніцы з садовага таварыства “Мара”. Пенсіянерка ўсяго дзве гадзіны прабыла на вуліцы па гаспадарчых патрэбах, але гэтага часу хапіла невядомаму злодзею, каб пранікнуць у дом і скрасці сумку з дакументамі, грашамі і ключамі ад сталічнай кватэры.

    Прыкладна па такім жа сцэнарыі развівалася сітуацыя ў дачным доме мінчаніна, размешчаным у вёсцы Петрусоўшчына. Там рабаўнік паквапіўся на інструменты і прадметы быту – усяго на агульную суму 4000 рублёў. Узбуджаны крымінальныя справы. А паважаным чытачам трэба памятаць: адыходзіш з дому – запірай дзверы!

ВІНАВАТЫМ АКАЗАЎСЯ… УНУК!

    Ніколі б не падумала жыхарка Валожына 1921 года нараджэння, што і кашалёк з няхітрым “скарбам” – сумай у 82 рублі 60 капеек – трэба старанна хаваць ад роднага ўнука. Як выявілі міліцыянеры, менавіта ён адважыўся абакрасці бабульку, пакуль тая не бачыла. Пра свае паводзіны і матывы мужчына думае цяпер у ізалятары часовага ўтрымання РАУС.

ДАРОЖНАЯ ТРАГЕДЫЯ

адбылася ноччу на 69-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Ашмяны-мяжа Літвы, недалёка ад райцэнтра. Не змаглі раз’ехацца два вадзіцелі са сталіцы. Кіроўца “МАЗа” выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з жыхаром Мінска 1989 года нараджэння, які быў за рулём легкавога “Опель-Вектра”. У выніку той памёр на месцы. Устаноўлена, што вадзіцель грузавіка быў цвярозы, а 27-гадовы хлопец не прышпіліўся рамянём бяспекі.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках

падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий