Памятаеце, з якім хваляваннем і трапятаннем сэрца ў дзяцінстве раніцай першага студзеня вы зазіралі пад ёлку ў надзеі ўбачыць доўгачаканы падарунак, аб якім так моцна марылі? Радасці не было межаў, калі мара рабілася явай.
«Які падарунак вы чакаеце ад Дзеда Мароза ў Новы год?» – запыталіся мы ў маленькіх жыхароў раёна.
Уладзіслаў МЯНЦЮК, 12 гадоў:
– Маё галоўнае навагодняе жаданне ўжо здзейснілася: бацькі падключылі камп’ютар да высакаскораснага Інтэрнэта. Пад ёлку ніякіх падарункаў не прасіў, бо ўсё маю. У Дзеда Мароза не веру: ведаю, што ён – гэта мама з татам. Я вучуся ў музычнай школе, калі бацькі захочуць зрабіць мне што-небудзь прыемнае, то няхай падораць новую трубу. А вось мой малодшы брацік Грыша марыць пра канькі.

Віця БУКЛЫС, 6 гадоў:
– Папрасіў у Дзеда Мароза, каб прынёс мне горны веласіпед, на якім на горы ўзбіраюцца, і самурайскі меч, каб стаяў дома для прыгажосці. Думаю, што ў гэтага старога чарадзея веласіпедаў шмат, бо ён жыве ў гарах. Мару таксама хутчэй стаць дарослым, тады буду працаваць дырэктарам банка і куплю сабе ўсё, што захачу. У мяне ёсць два брацікі і дзве бабулі. Папрасіў у Дзеда Мароза, каб яны былі здаровыя.

Каця ВАСІЛЕЎСКАЯ, 6 гадоў:
– Дзед Мароз прыносіць кожнаму дзіцяці толькі па аднаму падарунку, так сказала мама. Таму мы з сястрычкай доўга вырашалі, што больш за ўсё хочам атрымаць на Новы год. Нават напісалі на Паўночны полюс ліст. Прыгожа яго размалявалі і паклалі ў канверце на столік. А раніцай пісьма ўжо не было. Мабыць, Дзядуля Мароз спусціўся праз трубу ў хату і забраў пісьмо з сабой, каб не забыцца, аб чым мы яго папрасілі. А марым мы пра ляльку Моксі.

Ілья АЛЯХНОВІЧ, 4 гады:
– Дзядулю Мароза бачыў толькі тры разы. Ён з доўгай белай барадой і ў чырвоным кажуху. Снегавік – яго верны памочнік. Думаю, што Дзед Мароз жыве на небе ў ледзяным палацы, дзе шафы і паліцы зроблены з цукерак і запоўнены падарункамі для ўсіх дзяцей свету. Ён прыносіць падарункі толькі такім харошым дзецям, як я, і хавае іх пад ёлку. Спадзяюся ў гэтым годзе знайсці пад ёлкай маленькі пісталет і Чалавека-павука.

Маша СТАНКЕВІЧ, 5 гадоў:
– Вельмі хачу атрымаць на Новы год мазаіку “Чабурашка”. Другое маё жаданне – цукеркі. Мару, каб іх было так шмат, колькі памесціцца ў мяшок з-пад бульбы. Дзед Мароз вялікі і моцны, такі мяшок ён здолее падняць лёгка. Я буду есці па адной цукерцы кожны дзень. Такім чынам вялікага мяшка мне хопіць на ўвесь год, аж да наступных навагодніх свят.
Гутарыла Алена ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.