Запатрабаваны сэрвiс

Официально

У няпростых умовах даводзіцца працаваць у апошні час ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Таму кіраўніцтва прадпрыемства імкнецца адшукаць самыя розныя шляхі, каб забяспечыць бесперабойнае функцыянаванне ўсіх вытворчых падраздзяленняў і не страціць сферы сваіх эканамічных інтарэсаў.

Такая стратэгія на сучасным этапе якраз у трэндзе. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача аднавіць сістэму райаграсэрвісу, а на Валожыншчыне яна страчана і не была.

Райаграпрамтэхніка – адно з буйнейшых прадпрыемстваў раённага аграпрамысловага комплексу. Сёння тут забяспечаны працай 333 чалавекі. Прамысловыя аб’екты займаюць плошчу ў 30,7 гектара. Застаецца толькі падзівіцца, як ім удаецца на такой тэрыторыі падтрымліваць не толькі выключны парадак, але і ўтульнасць. Партнёры, якія нярэдка прыязджаюць для рашэння тэрміновых вытворчых пытанняў, прызнаюцца, што мала дзе можна пабачыць такі гаспадарскі падыход і добраўпарадкаванне. Сёлета, калі яблыневы сад прадпрыемства асабліва расшчодрыўся на ўраджай, тэрыторыя прадпрыемства проста просіцца на палатно мастака! Але, як расказала ідэолаг ААТ Вольга Паўлаўна Шакун, на вітамінную прадукцыю віды зусім практычныя: яна пойдзе на сталы дзецям з дзіцячых садоў, сацыяльнага прытулку. Дарэчы,  райаграпрамтэхніка нават у самыя няпростыя свае часы лічыла патрэбным аказваць спонсарскую дапамогу падшэфным арганізацыям.

Можна адзначыць і такі станоўчы момант, як адсутнасць пустуючых і выведзеных з вытворчага абароту памяшканняў. Некаторыя аб’екты былі  своечасова перададзены ў арэнду, што таксама гаворыць аб узважаным падыходзе дзеля атрымання агульнай выгады. Слова “агульны” смела можна назваць ключавым у дзейнасці прадпрыемства. “Пад крылом” райаграпрамтэхнікі знаходзяцца як юрыдычныя асобы, якія займаюцца сельскай гаспадаркай, так і людзі ў прыватным парадку. Інфраструктура ААТ дазваляе аказваць самыя розныя віды паслуг для работы на зямлі: агратэхнічныя, рамонтныя, дастаўка мінеральных угнаенняў. Практыкуецца і выхад з прапановамі за межы раёна.

Вялікае значэнне мае тое, што тут захаваны кадравы патэнцыял. Большасць работнікаў – вопытныя спецыялісты, гатовыя ісці ў нагу з часам і асвойваць новыя тэхналогіі. Гэта загадчык рамонтнымі майстэрнямі Аляксей Антонавіч Рафаловіч, майстар-наладчык Анатоль Вячаслававіч Шумскі, начальнік цэха пластмасавых вырабаў Сяргей Іванавіч Борыс.

Прыбытак – паказчык, які сведчыць пра эфектыўнасць працы прадпрыемства. У галіне аграсэрвісу завоблачным ён быць не можа. На гэта ўплываюць даволі нізкія расцэнкі на паслугі, несвоечасовыя ўзаемаразлікі, сезонная запатрабаванасць работ. Галоўнае, што ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” рух наперад сабе забяспечыла трывалай базай.

Алена ЗБІРЭНКА, 

фота аўтара



Добавить комментарий