РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

  На маючых адбыцца ў хуткім часе выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання на выбарчых участках будуць прысутнічаць назіральнікі і ад раённага Савета ветэранаў.

    Іх кандыдатуры зацверджаны на пасяджэнні прэзідыума ветэранскай арганізацыі. Гэта добра вядомыя ў раёне людзі, якія ў свой час узначальвалі працоўныя калектывы, сумленна працавалі на розных пасадах і карыстаюцца павагай у маладога пакалення. На Сакаўшчынскім выбарчым участку № 12 будзе сачыць за ходам выбараў Мікалай Сцяпанавіч Шчуцкі, на Аўгустоўскім участку № 13 – Сяргей Дзмітрыевіч Бубневіч. У райцэнтры на Гагарынскім участку № 1 і на Ленінскім участку № 2 будуць прысутнічаць назіральнікі Васілій Фёдаравіч Герман і Уладзімір Антонавіч Пятровіч, у гарпасёлку на Івянецкім участку № 24 – Аляксандра Пятроўна Нядзвецкая.

Напярэдадні 1 верасня валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа плённа папрацавалі на Валожынскім рынку, абышлі яны і прадпрымальнікаў, якія гандлююць у стацыянарных кропках райцэнтра.  Дабрачынная акцыя працягваецца да 16 верасня.

    У грашовай скарбонцы пасля ўскрыцця налічана 135 рублёў. Значны ўклад унеслі гаспадары палаткі, што гандлююць фруктамі і гароднінай ля раённага Цэнтра культуры. Таксама камерсанты ахвяравалі для школьнікаў  21 адзінку новага аддзення і 8 пар абутку, 210 адзінак канцылярскіх тавараў, 9 найменняў пральнага парашку і мыла. Сабрана таксама 149 адзінак аддзення, якое было ва ўжыванні. Многім мнагадзетным і няпоўным сем’ям такая дапамога стане добрай падтрымкай.

    27 жніўня быў аб’яўлены Адзіным днём скідак па рэспубліцы. Усе непрадуктовыя магазіны раёна атрымалі ў той суботні дзень 150 мільёнаў недэнамінаваных рублёў выручкі. Літаральна ў апошні дзень 15-працэнтныя скідкі былі аб’яўлены і на нядзелю 28 жніўня. Выручка па раёне склала 120 мільёнаў рублёў. Дарэчы, звычайная аднадзённая выручка гэтых магазінаў вагаецца ў межах 40-50 мільёнаў.

Дэкаратыўныя талеркі з адлюстраваннем касцёла (з розных ракурсаў), царквы, палацаў Тышкевіча ў Валожыне хутка разыходзяцца ў паштовых аддзяленнях райцэнтра і на вёсцы.

    На працягу года іх пастаўляе ў рознічны гандаль раённага вузла паштовай сувязі прыватны прадпрымальнік В. С. Сінько. Таксама ён вырабляе іншую сувенірную прадукцыю з выявамі памятных мясцін райцэнтра, Івянца і Ракава: кубкі, магніты.

    Трэба зазначыць, што сувенірнай прадукцыі райцэнтру не стае і выбар яе абмежаваны. Раней гэта былі толькі магніты, якія можна было набыць у кіёску Белсаюздруку і ўнівермагу. Практычна за летні перыяд магніты з продажу ў названых кропках зніклі. Невялікая колькасць засталася ў гасцініцы “Карона”. Мала хто з турыстаў дадумаецца наведаць паштовае аддзяленне. Аднак сувенірная прадукцыя не залежваецца, набываюць яе госці горада, школьнікі, якія едуць адпачываць за мяжу.

Своеасаблівую “маёўку” зладзілі ў жніўні па ўласнай ініцыятыве жыхары вёскі Вуглы Івянецкага сельсавета. Асноўную арганізацыю па зборы вяскоўцаў “з усяго свету” ўзялі на сябе выхадцы з Вуглоў, а цяпер жыхары Івянца Сяргей Іосіфавіч Бібік і Браніслаў Эдуардавіч Адамовіч. Як самі зазначылі, падключылі “сарафаннае радыё”. Ніхто не складаў спісы і не рэгістраваў гасцей, аднак сабраліся на такое імправізаванае свята больш за 100 чалавек.

    20 жніўня яны сышліся ля сціплага мемарыяльнага помніка, устаноўленага на месцы расстрэлу жыхароў вёскі ў адзін з дзён Вялікай Айчыннай вайны. Ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання. Ехалі людзі  не толькі з Мінска, Маладзечна, а і з больш далёкіх гарадоў Беларусі, нават з Расіі. А як жа рады былі ўбачыць яны Уладзіміра, Мікалая і Рыму Галубцовых, дзяцей былога старшыні калгаса, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Прама на зялёнай траўцы быў накрыты стол. І старыя, і больш маладыя не саромеліся расказаць пра сябе, успомніць нешта цікавае з вясковага дзяцінства, прачытаць верш, байку. А як хораша спявалі разам старадаўнія песні, як выдатна было адчуваць сябе адзінай сям’ёй! Многім з гасцей ужо няма да каго спяшацца, у вёсцы не засталося родных, і вось здарылася такая магчымасць… Некаторыя не бачыліся адзін з адным дзесяцігоддзі. Гэтыя ўспаміны яшчэ доўга будуць грэць душу кожнаму. Бо тут яны ўсе былі роўныя, без пасад і званняў, яны былі проста – жыхары вёскі Вуглы.



Добавить комментарий