Навучальны год стартаваў

Общество

За дзень да першай вераснёўскай лінейкі педагогі раёна сабраліся на традыцыйную жнівеньскую канферэнцыю, каб падвесці вынікі, вызначыцца з задачамі на новы навучальны год, назваць імёны тых, хто дабіўся вышынь на выхаваўчай і адукацыйнай ніве.

У 9.00 тэрыторыя вакол гімназіі № 1 стракацела ад выставачных стэндаў з творчымі і бізнес-праектамі, дэманстраваліся спартыўныя дасягненні, выхаваўчая работа. Яслі-сад № 3 “Пралеска” пазнаёміў з лялечным тэатрам. Аказваецца, нават кухонныя драўляныя лапатачкі можна прымяніць так, што яны ўразяць не толькі дзяцей, але і дарослых. Хіба не цікавы ход: намаляваць на іх твары казачных герояў? Сакаўшчынскі дзіцячы сад-сярэдняя школа акцэнтуе ўвагу на тым, каб дзеці любілі культуру, гісторыю свайго краю. Дзякуючы намаганням багданаўскіх педагогаў, летась вучаніца Алена Касцюк з карцінай “Яблыневы сад” перамагла на міжнародным конкурсе па выяўленчым мастацтве.

2-09-ng2У фае гімназіі таксама была разгорнута тэматычная пляцоўка, падрыхтаваная ў тым ліку і райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Асабліва запомнілася экспазіцыя з партрэтамі тых, хто стаў легендай, гонарам педагагічнай працы. Большасць з іх ужо ніколі не акажацца побач са сваімі пераемнікамі, але жывуць іх памкненні, мары, ідэі… Жывуць у высокім метадычным узроўні сённяшніх настаўнікаў. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Чарнышова адзначыла калектывы гімназіі, Івянецкай СШ, Сівіцкага і Пяршайскага ВПК, дзіцячага сада № 3,  дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка”. Адным з самых тытулаваных спецыялістаў высакароднай настаўніцкай працы з’яўляецца настаўнік-метадыст з гімназіі Святлана Вітольдаўна Федарака. Летась яна атрымала высокую дзяржаўную ўзнагароду – медаль “За працоўныя заслугі”. Усяго ж адзнакі і ўзнагароды рознага ўзроўню атрымалі 145 работнікаў сістэмы адукацыі. Граматы Міністэрства адукацыі ўручаны настаўніку працоўнага навучання гімназіі А. А. Кербедзю. Яго вучні Аляксандр Бітэль і Антон Віршыч перамаглі на рэспубліканскай алімпіядзе. Міністэрскую адзнаку атрымалі дырэктар Пяршайскага ВПК С. Л. Ламака, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Івянецкай СШ А. Г. Ярмак.

Віншаванні, словы прызнання і павагі педагогам выказалі старшыня райвыканкама М. А. Астрэйка, намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, кіраўнік спраў аблвыканкама І. С. Маркевіч, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Г. М. Казак, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М. М. Камінская.

Прыемная місія адзначыць граматамі і падзякамі лепшых была ўскладзена і на начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Чарнышову. Але перад гэтым Наталля Анатольеўна выступіла са змястоўным дакладам, дзе “па паліцах” расклала самыя хвалюючыя і надзённыя пытанні працэсу адукацыі на сучасным этапе. Гэта своеасаблівая праграма для педагогаў, даклад будзе абмяркоўвацца ў кожным калектыве, каб агульнымі намаганнямі рашыць пастаўленую задачу – якасць і даступнасць адукацыі як рэсурс росту сацыяльнага статусу асобы.

Калі прааналізаваць вынікі навучальнага працэсу, якія акрэсліліся пасля канферэнцыі, то можна адзначыць, што з кожным годам павялічваецца колькасць вучняў, якія заканчваюць навучальны год на 7-10 балаў, расце колькасць медалістаў, усё больш становіцца тых выпускнікоў, хто паказвае высокія веды па выніках уступнай кампаніі. Так, медалістка з Івянецкай СШ Марыя Казакова на ЦТ па беларускай мове атрымала 100 балаў. Вучылася дзяўчынка ў цудоўнай настаўніцы Аліны Генадзьеўны Ярмак. Выдатна зарэкамендавалі сябе выпускнікі гімназіі. Гэта ўстанова сёлета ўвайшла ў Топ-30 лепшых гімназій рэспублікі.

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара

2-09-astr

Падчас канферэнцыі педагогаў павіншаваў з пачаткам новага навучальнага года старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА. Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады пажадаў аддавацца справе з душой – творча, ярка, крэатыўна і, галоўнае, адказна!

Першага верасня – хвалюючае свята для маладых спецыялістаў раёна, якія ў гэты дзень пачалі прафесіянальны шлях у навучальных установах Валожыншчыны. У слаўнай кагорце – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Яршэвіцкай школы Аляксандр КУЛАКОЎ, настаўніца пачатковых класаў з Гародзькаў Алена ЛАШЫЦКАЯ, настаўнік музыкі і музычны кіраўнік дзіцячага сада Пяршайскага педагагічнага комплексу Вераніка МАКАСЬ і кіраўнік гуртка “Казачная майстэрня” раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Павел ЛЯШЧЫНСКІ.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий