Ракаўскi фэст-2016

Официально

Хто не жадае правесці апошнія выхадныя дні лета яскрава і весела? Такі шанц з’явіўся ў жыхароў Валожынскага раёна і не толькі. 27 жніўня – гэта дата была абрана для правядзення фестывалю  культур «Ракаўскі фэст-2016». Арганізатарамі яго выступілі Валожынскі райвыканкам, Ракаўскі сельвыканкам, а таксама Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Інстытут Польскі ў Мінску. Галоўная мэта фестывалю – дэманстрацыя польскай і беларускай культур.

Шмат зацікаўленых людзей прысутнічала на закладцы Алеі памяці польска-беларускаму кампазітару XIX стагоддзя Міхалу Грушвіцкаму. Перад пасадкай дрэў дэлегацыя наведала магілу Грушвіцкага, дзе ўсклала карзіну жывых кветак і тым самым ушанавала памяць вялікага кампазітара. На алеі будуць расці дрэвы, пасаджаныя арганізатарамі фэсту як з польскага, так і з беларускага бакоў. Распачаў закладку алеі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Уладзіміравіч Святлоў.

2-09-rf3

Тэрыторыя вакол касцёла Маці Божай Ружанцовай і Св. Дамініка стала сапраўднай майстэрняй мастакоў! Каля храма занатоўвалі прыгожыя краявіды Ракава. Сваю вучаніцу прывёз Уладзімір Сайко, які нарадзіўся і вырас у Валожынскім раёне, а зараз адкрыў майстэрню. Пасля завяршэння работ лепшыя з лепшых атрымалі дыпломы з рук дырэктара Інстытута Польскага ў Мінску Матэуша Адамскага.

Калі аматары жывапісу сабраліся вакол касцёла, то знаўцы музыкі размясціліся ўнутры храма. Менавіта там у 11.00 пачаўся канцэрт хору з Мінска «CantusCordis». Артысты здзіўлялі публіку не толькі высокімі і чыстымі галасамі, але і разнастайнасцю выкананых песень, якія гучалі як на беларускай, так і на польскай мовах.

Увесь гэты час цэнтральная плошча Ракава «жыла» і не змаўкала ні на хвіліну. Працаваў “Горад майстроў”, дзе дэманстравалася творчасць раёна: свае вырабы прадстаўляла і Валожынскае народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца”, і ракаўскія майстры. З усіх бакоў паступалі прапановы паспрабаваць сябе ў розных конкурсах, набыць памятны сувенір ці нават зрабіць яго самастойна, напрыклад, з гліны. Таксама можна было паназіраць, як плятуцца знакамітыя беларускія паясы, сфатаграфавацца з акцёрамі ў разнастайных касцюмах. На самай справе, знайсці занятак па душы было зусім нескладана: дзеці забаўляліся на атракцыёнах, дарослыя вывучалі майстэрства рамеснікаў, а некаторыя спадзяваліся выйграць грашовы прыз у, здавалася б, простых на першы погляд конкурсах.

2-09-rf1

З 12.30 увага была прыкавана да галоўнай сцэны: пачалося ўрачыстае адкрыццё фэсту. З прывітальным словам выступілі міністр культуры Рэспублікі Беларусь  Барыс Уладзіміравіч Святлоў, дырэктар Інстытута Польскага ў Мінску Матэуш Адамскі, кіраўнік спраў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Станіслававіч  Маркевіч, які працаваў старшынёй Валожынскага райвыканкама з 2002 па 2009 гады. Выступілі таксама намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Пётр Іосіфавіч  Бібік і старшыня Ракаўскага сельвыканкама Аляксандр Антонавіч Мякінка. А ўжо пасля афіцыйнай часткі пачаўся святочны канцэрт: забаўлялі і здзіўлялі публіку розныя калектывы з Мінска, Ліды, Гомеля, Івянца, Валожына і Ракава. Шквал апладысментаў сабрала лаўрэат конкурсу імя Ганны Герман беларуская спявачка Надзея Бронская, рэпертуар якой складаецца з песень гэтай вядомай польскай выканаўцы.

Адной з найбольш цікавых частак фэсту стаў тэатралізаваны квэст па матывах твора “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” польскага пісьменніка Сяргея Пясецкага, дзе ён апісваў Ракаў. Усе жадаючыя маглі сфатаграфавацца з акцёрамі, пераапранутымі ў герояў кнігі, а таксама набыць яго твор.

Акрамя спевакоў, акцёраў і танцораў на сцэне добра выступалі дэкламатары вершаў. Выпускнік гімназіі № 1 Аляксей Дзеніс і вучаніца школы № 1 Ліза Рэут уразілі прысутных бездакорным выкананнем вершаў на польскай мове. Для выступлення Аляксей выбраў урывак з “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча пад назвай “Litwo! Ojczyzno moja!”, а Ліза абрала гумарыстычны верш “Czlowiek ze zlotym parasolem” Дануты Вавілув.

Затым выступіў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік. Ён выказаў удзячнасць усім удзельнікам і арганізатарам фестывалю, а таксама ўручыў спецыяльныя дыпломы гуртам, якія прымалі ўдзел у мерапрыемстве.

Свята сапраўды можна назваць фестывалем культур. На ім злучыліся не толькі культуры дзвюх краін, але, здавалася, і межы паміж Польшчай і Беларуссю сталі больш празрыстымі. Мастацтва аб’ядноўвае! Закончылася мерапрыемства выступленнямі польскага гурта «Дзікія яблыкі» і беларускага «Маланка-Orchestra». Музыкі спалучаюць у сваёй творчасці славянскую мелодыку і рытм афрыканскіх бубнаў, што ў выніку дае цікавае гучанне.

Яскравай кропкай фэсту стаў святочны феерверк, які зрабіў начное неба рознакаляровым.

Ірына Петыш,

фота аўтара



Добавить комментарий