РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

Традыцыйны тыдзень устаноў дадатковай адукацыі пачаўся 5 верасня і працягнецца да 10 верасня. На працягу першага тыдня новага навучальнага года дзверы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна будуць гасцінна адчынены для школьнікаў розных узростаў.

Тут іх чакаюць разам з бацькамі, настаўнікамі, цэлымі класамі, прадэманструюць магчымасці ўстановы, дасягненні гурткоўцаў на спецыяльна аформленых выставах, правядуць майстар-класы. У хлопчыкаў і дзяўчынак будзе магчымасць выбраць сабе занятак па душы і запісацца ў гурткі і аб’яднанні па інтарэсах. А 10 верасня наведвальнікаў чакае конкурсна-гульнёвая праграма з нечаканымі сюрпрызамі. Падчас тыдня майстар-клас па бісерапляценні правядзе Таццяна Аляксееўна Курыла, “Цудоўнае пераўтварэнне ў тэхніцы квілінг” прадэманструе Вікторыя Ільінічна Міхнавец (на базе Пяршайскай СШ), адкрытку на памяць сваімі рукамі дапаможа зрабіць Алена Іванаўна Собалева, маляваць асенні букет навучыць Ганна Аляксееўна Янчанка. Работнікі цэнтра пакажуць усё лепшае, чаму школьнікі змогуць навучыцца. Гурткі па інтарэсах цэнтра творчасці працуюць не толькі ў самой установе, але і на базе Пяршайскай, Ракаўскай, Сакаўшчынскай, Дорскай і Гародзькаўскай сярэдніх школ. Сёлета ў калектыў прыйшлі маладыя спецыялісты Павел Ляшчынскі і Аліна Зара, якія будуць весці гурткі па лепцы “Мая скульптура” і маляванні.

За тры летнія месяцы работнікі культуры раёна далі 165 канцэртаў. Толькі падчас жніва на самых розных пляцоўках, непасрэдна ў полі яны наладзілі 80 выступленняў, а завяршылі вялікай канцэртнай праграмай падчас “Дажынак”. Адбыліся святы ў 13 вёсках.

У жніўні работнікі Дорскай клубнай установы падрыхтавалі Свята вёскі Макрычаўшчына, Пяршайскага СДК – вёскі Семернікі, Пугачоўскага СДК – вёскі Караблі. У Гародзькаўскім сельсавеце прайшло Свята вёскі Жомайдзь.     Зараз у клубных установах не менш адказны этап: рыхтуюць праграмы, з якімі неўзабаве будуць выступаць на выбарчых участках. А падчас акцыі “У цэнтры ўвагі – дзеці”, якую ініцыіруе РАНС, ім рэкамендавана ў дашкольных установах раёна правесці тэматычныя тэатралізаваныя прадстаўленні.

Пра летнія канікулы ў большасці школьнікаў засталіся прыемныя ўспаміны, з’явіліся новыя сябры. Усяго ў 40 лагерах розных форм прайшлі аздараўленне 1493 хлопчыкі і дзяўчынкі, што склала 100,7 працэнта да запланаванага. Аздараўляліся 40 дзяцей-сірот, 13 дзяцей-інвалідаў, 378 вучняў гарадскіх школ і 519 сельскіх.

Непасрэдна на базе ўстаноў адукацыі за летні перыяд былі арганізаваны 16 летнікаў з дзённым знаходжаннем, 6 з іх – лагеры працы і адпачынку, 1 – турысцка-краязнаўчы. У летніках з кругласутачным знаходжаннем адпачылі 652 чалавекі: чатыры змены працавалі палатачна-турысцкія лагеры, а таксама на базе воінскай часці дзейнічаў спартыўна-патрыятычны лагер “Патрыёт”.

Пра жыхарку райцэнтра, гандлёвага работніка Валянціну Іванаўну Ліштван наша газета пісала неаднойчы. Некалькі гадоў запар яна была ўдзельніцай конкурсаў сярод дачнікаў і агароднікаў, якія праводзіла “Народная газета”, і станавілася пераможцай. Рэкардсменамі былі яе цыбуля, часнок, чырвонакачанная капуста, кабачок, які важыў 21 кілаграм.

Сёлета В. І. Ліштван удзельнічала ў конкурсе “Лепшы агароднік”, аб’яўленым часопісам “Сад, агарод: карміцель і лекар”. Там было шмат намінацый. Валянціна Іванаўна перамагла ў намінацыі “цыбуля”. У № 18 гэтага выдання будзе змешчаны яе допіс пра любімую цыбулю сорта “эксібішн”, асобныя экзэмпляры якой вырастаюць размерам ледзь не з галаву немаўляці. А ўзнагародай жанчыне з залатымі рукамі на гэты раз стала полікарбанатная цяпліца “Дар’я”.

У 3.04 ноччу 28 жніўня суседзі патэлефанавалі па нумары “101” і паведамілі, што побач гарыць дом. Калі выратавальнікі з Ракава прыбылі на месца здарэння ў вёску Падневічы Івянецкага сельсавета, то ўбачылі, што гарыць не жылы дом, а драўляная лазня.

Напярэдадні вечарам гаспадары палілі лазню, мыліся, потым яшчэ бавілі час у альтанцы на падворку. У другой гадзіне пайшлі спаць. Іх разбудзілі і паведамілі пра пажар тыя самыя суседзі, што выклікалі пажарных. Агонь знішчыў прылазнік і дах. Гаспадар лазні, які працуе лесніком, расказаў, што два гады таму перакладваў печку і рамантаваў дымаход. Як выявілі спецыялісты, дымаход быў зроблены з парушэннем правіл пажарнай бяспекі. Трэшчына ў дымаходзе і стала прычынай узгарання.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *