Вёсачка мая, мая чараўнiца…

Общество

Бы па-святочнаму прыбраная пажылая вясковая жанчына, памаладзела і пахарашэла нядаўна вёска Жомайдзь Гародзькаўскага сельсавета. Гэты невялічкі населены пункт прытуліўся зялёным востравам сярод палёў і лугоў. Хаты тут патанаюць у зелені садоў і дрэў, пасаджаных далёкімі продкамі.

Дбалі прадзеды пра тое, каб пакінуць нашчадкам дагледжаную зямлю, добрыя дамы і зручныя гаспадарчыя пабудовы. Але імчала жыццё, мяняўся вясковы ўклад. Нават цяжка ўявіць, што ў Жомайдзі калісь было штодня гэтак жа гаманліва і весела, як надоечы на Свяце вёскі…

З розных куткоў Беларусі з’ехаліся выхадцы з Жомайдзі, каб пабачыцца з землякамі, вярнуцца ўспамінамі ў далёкую мінуўшчыну і адчуць, што вось тут твае карані, што тут ты – дома. Арганізатарам мерапрыемства выступіў сельвыканкам, а каб падтрымаць адпаведны настрой на свяце, у вёску завіталі юныя артысты і іх выкладчыкі з Гародзькаўскай школы мастацтваў. Усё ўрачыстае дзейства прайшло на падворку старасты вёскі Ганны Вікенцьеўны Жамойдзінай. Паколькі сама Жомайдзь ужо даўно трапіла ў разрад малалюдных: усяго 22 жыхары на 14-і падворках, то вырашана было запрасіць сюды яшчэ і суседзяў з Харытонаў і Цвіраўшчыны. Святкавалі амаль увесь светлавы дзень. Пра спонсарскую дапамогу паклапаціліся раённыя сацыяльныя службы, у прыватнасці – тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падарункі атрымала самая юная жыхарка, васьмігадовая Дар’я Грыб і самая пажылая – Ніна Антонаўна Трус, якая нарадзілася ў 1922 годзе. Падзяка райвыканкама і грашовая прэмія ўручаны старасце вёскі Г. В. Жамойдзінай.

Кульмінацыйным момантам у той дзень стаў конкурс на лепшы падворак. Як прызналася старшыня Гародзькаўскага сельвыканкама Ганна Францаўна Садоўская, журы нялёгка было вызначыцца з пераможцамі. Справа ў тым, што ў Жомайдзі кожны двор дагледжаны і ўпрыгожаны. Куды ні кінь вокам – рознакаляровыя кветнікі, дасціпныя агароды, утульныя сады, акуратныя пабудовы. Не займаць эстэтычнага густу такім гаспадыням, як Ларыса Іосіфаўна Стасяловіч, Софія Міхайлаўна Бугай, Зінаіда Леанідаўна Губіч. Пасля доўгіх спрэчак перамогу вырашылі прысудзіць… усім. І людзі з такім раскладам пагадзіліся.

Жомайдзь – радзіма былога бухгалтара нашай газеты Ніны Іванаўны Садоўскай. Як чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі яна таксама прымала ўдзел у свяце, тым больш што ў роднай вёсцы Ніна Іванаўна не госць. З ранняй вясны да позняй восені яна рупіцца на бацькоўскай сядзібе: займаецца агародам, даглядае сад. Летам сюды ахвотна наведваюцца яе дзеці і ўнукі.

Н. І. Садоўская расказала, што калісьці ў Жомайдзі была васьмігадовая школа. Зараз той будынак адведзены пад жылы дом. Наогул жа ў вёсцы засталося толькі 7 двароў з карэннымі жыхарамі. Але пустуючых будынкаў няма, усе з’яўляюцца дачамі, большасць з якіх дасталася сённяшнім гаспадарам у якасці бацькоўскай спадчыны. Так што чужым на свяце сябе ніхто не адчуваў. Паклапаціліся вяскоўцы накрыць сталы з пачастункамі, бо якая ж урачыстасць без “чаркі і скваркі”! А каб лягчэй гэта было зрабіць, райспажыўтаварыства арганізавала выязны гандаль, за што падзяка ім і, вядома ж, мясцовым уладам, якія так усё цудоўна правялі, падарыўшы людзям добры настрой і незабыўныя сустрэчы…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий