Роднай зямлi куток

Официально

Адбылося чарговае Свята вёскі. На гэты раз героямі ўрачыстасці сталі жыхары Узбалаці. Прыгожым, сонечным днём яны сабраліся разам, каб, забыўшыся пра будзённыя справы, успомніць былыя дні, парадавацца адзін за аднаго.

Сённяшняя Узбалаць на самай справе складаецца з трох вёсак, аб’яднаных у адну. Гэта непасрэдна Узбалаць, якая пачынаецца адразу за Дубіной, Лапаўшчына і невялічкі куток у бок Забрэззя – Шасціхаты. Быў час, калі тут існавала выдатная інфраструктура. Дзейнічалі дзве брыгады, некалькі фермаў, цялятнікі, канюшні, склады. Усё гэта належала калгасу “Зара”. На ўвесь раён славілася школа-васьмігодка. Кіравала ёй заслужаны настаўнік БССР Галіна Васільеўна Кароль. Установы культуры – сельскі клуб і бібліятэка – таксама з’яўляліся гордасцю вяскоўцаў. Мясцовага фельчара, гаспадыню ФАПа Галіну Герасімаўну Далінкевіч і сёння ўспамінае з вялікай удзячнасцю не адно пакаленне ўзбалаццаў. Працаваў у вёсцы ўтульны магазін, які нават у часы дэфіцыту славіўся наборам тавараў, мелася лазня…

Апошнія дзесяцігоддзі не спрыялі росквіту Узбалаці. Няшмат засталося ў ёй мясцовых жыхароў. Аднак вёска не пустуе, дамы тут з задавальненнем набываюць дачнікі.

Духоўнымі натхняльнікамі праведзенага мерапрыемства сталі культработнікі з Дубіны. Тамара Уладзіміраўна Каляда, якая маладым спецыялістам-пчалаводам прыехала сюды на працу, пазней выйшла замуж за мясцовага хлопца і назаўсёды прывязала сябе да гэтых мясцін. Вяскоўцы палюбілі прыветлівую, сціплую дзяўчыну і амаль адразу палічылі сваёй. Нават мянушку прыдумалі добрую, не абразлівую – “Пчолка”. Шмат пранікнёных слоў прагучала ў гэты дзень у адрас жыхароў Узбалаці з яе вуснаў. Вядучая Марына Уладзіміраўна Чабай – загадчыца дубінскога клуба – прыгадала асноўныя вехі станаўлення вёскі, заслугі яе жыхароў. Памятныя падарункі атрымалі былыя калгасныя спецыялісты Мікалай Паўлавіч Грыбоўскі, Крысціна Пятроўна Саломка, Ірына Рыгораўна Іванчык, Лідзія Васільеўна Пашкоўская, Таццяна Пятроўна Грыбоўская, Іван Іванавіч Грыбоўскі, Зінаіда Адамаўна Пашкоўская, Часлаў Міхайлавіч Пашкоўскі. Як адзначыў Генадзій Вацлававіч Каспяровіч, дырэктар ААТ “Агра-Дубінское”, дзякуючы намаганням гэтых людзей, што ў свой час не шкадавалі ні сіл, ні часу дзеля агульнай справы, гаспадарка і сёння мае добрыя паказчыкі.

Кранальна прайшло ўшанаванне самай старэйшай жыхаркі вёскі Надзеі Максімаўны Юргілевіч. З 80-годдзем павіншавалі вяскоўцы і госці свята Валянціну Міхайлаўну Саломку і Мікалая Паўлавіча Грыбоўскага, а таксама Эвеліну Іосіфаўну і Васіля Васільевіча Саломкаў. Гэта сямейная пара крочыць разам па жыцці 55 гадоў. Сям’я Ніны Міхайлаўны і Іосіфа Іосіфавіча Дземідовічаў атрымала падарунак за лепшы падворак. Адзначылі і Ніну Аляксандраўну Дзям’янчык, якая дазволіла правесці свята на сваім утульным двары. Дарэчы, яе рукадзельныя работы былі задзейнічаны ў аздабленні святочнай прасторы.

Шчымлівым момантам стала незапланаванае выступленне Таццяны Пятроўны Грыбоўскай. Любімую ўзбалацкімі старажыламі песню “У церкви стояла карета” жанчына прысвяціла ўсім, каго ўзгадавала яе родная Узбалаць.

Цёплыя словы пачулі героі ўрачыстасці ад старшыні Валожынскага сельвыканкама Дзмітрыя Казіміравіча Карачуна.

Сапраўдным упрыгожаннем мерапрыемства былі канцэртныя нумары культработнікаў з РЦК, Дубіны і Бабровічаў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий