З цiкаўнасцю і павагай

Закон и порядок

Каб папярэдзіць гібель і траўматызм дзяцей, а таксама правесці адукацыйна-выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем, на працягу ўсяго летняга перыяду работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзілі ў аздараўленчых лагерах і ўстановах дашкольнай адукацыі рэспубліканскую прафілактычную акцыю «Канікулы без дыму і агню!”. У ёй удзельнічалі больш за тры з паловай тысячы дзяцей.

Падчас акцыі з дзецьмі былі праведзены прафілактычныя гутаркі з паказам відэафільмаў, спартыўныя гульні, падарожжы па краіне бяспекі, дэманстрацыя пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі і абсталявання. Атрымалі дзеці і наглядны навучальны матэрыял. Дзеці радавалі адказамі, беспамылкова называючы прычыны пажараў, алгарытм дзеянняў пры іх узнікненні і выкліках службы выратавання.

Мора зададзеных пытанняў сведчыла пра тое, што дзеці цікавяцца спецыфікай прафесіі выратавальніка і паважліва ставяцца да гэтай працы. Пра гэта сведчылі і выставы малюнкаў рабят, прысвечаныя выратавальнікам.

Вельмі прыемна, што хлопчыкі i дзяўчынкi чакаюць гасцей з нецярпеннем. Адкрыты дыялог аб правілах пажарнай бяспекі і дэманстрацыя відэаролікаў пра дзіцячую бестурботнасць пакінулі ў кожнага свой след.

Выратавальнікі ўпэўнены: падобныя мерапрыемствы павінны паслужыць выхаванню ў падрастаючага пакалення культуры бяспечных паводзін.



Добавить комментарий