Калядная зорка ўзышла

Общество

Перад Ражаством заўсёды першай расцвітае на небе  бліскучая брошка-зорка, побач трымціць сярпок месяца. Такой творчай задумкай ноч паведамляе нам аб нараджэнні Збаўцы.

Дзецям, якія ўдзельнічаюць у рэспубліканскай выставе-конкурсе “Калядная зорка”, фантазіі, таленту і крэатыўных ідэй не займаць.

У гэтым годзе на выставу-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці трапілі сем работ выхаванцаў Валожынскага Цэнтра дзіцячай творчасці. “Навагоднюю елку” ў тэхніцы валення з воўны выканалі Марына Касабуцкая, Насця Яску і Наталля Сергіевіч, якая ў такой жа тэхніцы стварыла арыгінальную сумку “Заяц”. У глінянай вазе расцвіў “Букет кветак”, сабраны з залацістай саломкі Дашай Буклыс і Машай Азарэвіч. Саламяны “Капялюш” у стылі рэтра змадэліравала Анастасія Сафонава, а Яўген Бараноўскі сплёў адмысловы “Кошык”. Стылізаваную елачку “Пад зоркай Віфлеема” з прыроднага матэрыялу прыдумала Ірына Папрукайла.

Раней на зімовыя святы, паводле старадаўняга звычаю, моладзь хадзіла па вёсцы з песнямі, жартамі і насіла на кіі рухомую шматпрамянёвую, асветленую знутры, зорку, якая звалася звяздой. Яна была нязменным атрыбутам каляднай абраднасці. Быццам з мінулага “Калядная зорка” на кіі, аздобленая тканымі паясамі, таксама трапіла ў лік лепшых работ рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі “Ткацтва, вышыўка, карункапляценне”. Над гэтай кампазіцыяй працавалі Алена Шэстак, Павел Лямбовіч, Аліна Яфіменка, Дамінік і Сабіна Пятроўскія.

Арыгінальныя творчыя работы ўключаць у экспазіцыю выставы на навагоднім дабрачынным свяце, якое традыцыйна штогод праходзіць у Палацы Рэспублікі з удзелам Прэзідэнта Беларусі. А затым яны будуць выстаўлены ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, і кожны зможа іх пабачыць.

Вынікі выставы-конкурсу падвядуць у студзені 2011 года. Пераможцаў узнагародзяць дыпломамі, каштоўнымі прызамі і каталогамі.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий