Птушка — сімвал раёна

Общество

Завяршылася ініцыятыва «Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызму», якая праходзіла пры фінансавай падтрымцы ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Пастаўлена апошняя кропка. На мінулым тыдні адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптуры птушкі-сімвала раёна – зімародка.

Ініцыятыва пры падтрымцы ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” распачалася вясной, калі прайшлі першыя ў гісторыі Беларусі выбары птушкі раёна. У гонар пераможцы ў Валожыне і Івянцы з’явіліся тры графіці з выявай зімародка, праходзілі майстар-класы па вырабе сувеніраў у выглядзе гэтай птушкі, адбываліся сустрэчы, экскурсіі.

Скульптура размясцілася каля гарадскога возера, на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Камсамольскай райцэнтра. Аўтары манумента – выпускнікі Акадэміі мастацтваў скульптары Юрый Бірын-Паўлаў і Лайма Мірончык, якія працуюць на Мінскім скульптурным камбінаце. Яны выкарысталі змешаную манументальна-дэкаратыўную тэхніку і розныя віды матэрыялаў. Манумент зроблены з арміраванага фібрабетону і камбінаванай мазаікі. Вышыня яго — 2 м 12 см. У якасці пастамента выбралі стылізаванае дрэва, на якім і размясціўся зімародак.

Падчас урачыстасці з вітальным словам да прысутных звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі і дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» А. Я. Вінчэўскі. Яны выказалі меркаванне, што ўвага да птушкі раёна дапаможа зберагчы від зімародка, які занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Магчыма з’явяцца новыя турыстычныя маршруты, што прыцягне ў раён больш турыстаў.

Завяршылася мерапрыемства інтэрактыўнай віктарынай пра сімвал Валожыншчыны з прыгожымі прызамі – значкамі з выявай зімародка.

Асабліва ўразіла адкрыццё скульптуры дзяцей, яны з задавальненнем паўдзельнічалі ў віктарыне і сфатаграфаваліся на агульнае фота каля новай выдатнасці раёна.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий