Стваральнiкi беларускай нацыянальнай класiчнай оперы

Культура

У Мінску перад будынкам гарадской ратушы адкрыўся помнік стваральнікам беларускай нацыянальнай класічнай оперы — кампазітару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, жыццё і творчая дзейнасць якога цесна звязана і з нашай Валожыншчынай.

Урачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі адбылося 3 верасня ў скверы на плошчы Свабоды беларускай сталіцы і было прымеркавана да Дня горада.

Станіслаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — аўтары першай беларускай оперы. Па задуме скульптараў кампазітар і драматург захоплена абмяркоўваюць творчыя планы. Драматург зачытвае фрагменты лібрэта, кампазітар слухае, у яго ўжо нараджаецца музыка.

Месца, у скверы каля ратушы, абрана не выпадкова. Гарадскі тэатр, у якім у 1852 годзе была пастаўлена камічная опера «Сялянка» («Сельская ідылія»), над стварэннем якой разам працавалі Станіслаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, знаходзіўся на Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды). Больш таго, скульптура ўстаноўлена недалёка ад  дома, дзе жыў Манюшка з сям’ёй (вул. Энгельса, 3), і побач з гімназіяй, у якую ён хадзіў. А ў будынку гарадской ратушы знаходзілася музычная школа, якую ён наведваў.

Першая кніга Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» выйшла ў 1846 годзе. Праз шэсць гадоў па яе матывах у Мінску паставілі спектакль на музыку Станіслава Манюшкі. З таго часу адлічваецца гісторыя беларускай нацыянальнай оперы. «Сялянка» — музычна-драматычны твор, опера ў 2-х актах. Была напісана на дзвюх мовах — польскай і беларускай.

Скульптура выканана ў бронзе, яе агульная вышыня складае 2 м 30 см. Аўтары помніка — Леў і Сяргей Гумілеўскія. Іх творчая прапанова была абрана па выніках конкурсу на стварэнне скульптурнай кампазіцыі, тэма якой «Жыхары Мінска XIX стагоддзя: кампазітар Станіслаў Манюшка і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — стваральнікі беларускай нацыянальнай класічнай оперы».

Леў Гумілеўскі — народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Сяргей Гумілеўскі — скульптар, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.



Добавить комментарий