РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

У раёне дзейнічаюць 4 дзіцячыя школы мастацтваў і два філіялы. 1 і 2 верасня тут прайшоў, можна сказаць, другі тур уступных экзаменаў. Пачатак новаму набору быў пакладзены ў канцы мінулага навучальнага года (у маі – першых чыслах чэрвеня).  

Чакаецца, што ў першыя класы для навучання ігры на розных музычных інструментах і дэкаратыўна-прыкладной творчасці прыйдуць каля 150 школьнікаў. Звычайна гэта вучні малодшых класаў.

Сёлета ў Валожынскай дзіцячай школе мастацтваў адкрываецца клас харэаграфіі. Весці заняткі будзе Алена Стасяловіч, якая ў свой час скончыла музычны каледж, а цяпер займаецца ў педуніверсітэце імя М. Танка. Урокі харэаграфіі будуць праходзіць на першым паверсе будынка дзіцячай бібліятэкі, дзе абсталявана спецыяльная зала. Дарэчы, класы харэаграфіі не першы год працуюць у Гародзькаўскім і Дорскім філіялах.

 

Кіраўніцтва райспажыўтаварыства прыняло рашэнне аб пераносе камісійнага аддзела на другі паверх універмага. Яму выдзелена месца, дзе раней размяшчалася аддзяленне Белаграпрамбанка. Частку тавараў, у прыватнасці мэблю, перанеслі ў магазін “Мэбля”.

У апошнія гады непрадуктовая група тавараў прадаецца дрэнна, вось і шукаюць розныя шляхі выпраўлення становішча. Тым больш, што толькі за летнія месяцы ў камісіёнкі з’явілася адразу некалькі канкурэнтаў у выглядзе магазінаў па продажы сэканд-хэнду.

Пачынаючы з 2014 года, большасць прадуктовых і прамтаварных магазінаў у вёсках “зліліся” ў адзін. Такая рэарганізацыя праведзена ў Забрэззі, Дорах, Подберазі, Гародзьках, Вішневе. У магазінах “Тавары паўсядзённага попыту” непрадуктовая група прадстаўлена ў даволі шырокім асартыменце, прымаюцца заяўкі ад насельніцтва на буйнагабарытныя тавары. На дадзены момант магазіны па продажы прамысловых тавараў засталіся толькі ў такіх буйных населеных пунктах, як Багданаў, Пяршаі і Ракаў. Вельмі добра працуе з усёй групай тавараў магазін вёскі Вішнева, дзе ў асобныя месяцы выручка дасягае да 270 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

 

Рознымі шляхамі змагаюцца за выжыванне і кропкі грамхарчу. Гэта тычыцца як сталовай, кафэ і рэстарана “Іслач” райспажыўтаварыства, так і прыватнікаў.

Хтосьці пераглядае графік работы, скарачае ці, наадварот, павялічвае асартымент страў, хтосьці “заманьвае” наведвальнікаў “жывой музыкай”. Сёння ў райцэнтры абмежаваны месцы, дзе можна паабедаць, не гаворачы пра сняданкі.

Кафэ “Царскі двор” адкрылася параўнальна нядаўна. Але гаспадары не так даўно завяршылі рамонт: пашырылі залу, зрабіўшы больш месца для танцполу. Апошнія тыдні тут па суботах можна пачуць “жывую музыку”: іграе група “Дзядзька Саша і яго сям’я”.

 

2-3 верасня ў Гродне прайшлі фінальныя гульні Рэспубліканскіх спаборніцтваў па стрытболе па месцы жыхарства сярод юнакоў 2001-2002 гадоў нараджэння. У іх прынялі ўдзел 7 каманд.

Каманда Валожына вярнулася дадому з бронзавымі медалямі, прапусціўшы наперад толькі сваіх равеснікаў з Гродзенскага раёна і Гомеля. Прызёры акрамя медалёў атрымалі граматы Міністэрства спорту і турызму рэспублікі. За каманду нашага горада выступалі гімназісты Яўген Пукала (капітан), Уладзіслаў Навіцкі, Уладзіслаў Бобрык, Уладзімір Трус, а таксама вучань СШ № 1 Арцём Бражаловіч.

 

А  вось гэты факт летняй крымінальнай хронікі з Валожынскага раёна трапіў у абласную аператыўную зводку праваахоўных органаў.

31 жніўня бягучага года па матэрыялах праведзенай праверкі ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 205 частцы 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у адносінах  да неўстаноўленага злачынцы, які 29 ліпеня з 10 да 15 гадзін у вёсцы Дубашы наведаўся на чужую пасеку. Зламыснік выкраў рамкі з мёдам з вулля, які стаяў у двары дачнай сядзібы пенсіянера, жыхара горада Мінска. Прычыненая шкода дачніку ацэнена ў 212 рублёў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *