Экспанат, авеяны легендамi…

Культура

Фонды краязнаўчага музея папоўніліся каштоўным экспанатам, набытым для музея за сродкі раённага бюджэту. Гэта – сучасная копія славутага слуцкага пояса.

Зазірнём у гісторыю. У 1736 годзе браты Радзівілы заснавалі ў прыгарадзе Нясвіжа мануфактуру па вытворчасці персідскіх паясоў, якую потым далучылі да слуцкай. Мясцовыя рабочыя былі накіраваны на навучанне ў горад Станіслаў (цяпер Івана-Франкоўск ва Украіне), які славіўся вытворчасцю паясоў. Менавіта адтуль завезлі і абсталяванне. Радзівілы запрасілі ў Слуцк вядомага майстра Аванэса Маджаранца, які распрацаваў свой арнамент пояса – з улікам мясцовых узораў. З гэтага часу на поясе з’яўляюцца арнаменты ў выглядзе кветкі васілька.

Слава пра паясы грымела па ўсёй Еўропе! Слуцкі пояс стаў адным з самых знакамітых сімвалаў дабрабыту, высакароднага паходжання, а таксама прыкметай добрага густу.

З вытворчасцю паясоў у Слуцку звязана мноства загадак і таямніц. Стварыць аўтэнтычны слуцкі пояс цяпер немагчыма: страчана тэхналогія. Засталіся толькі звесткі, што навучанне майстэрству доўжылася больш за 7 гадоў. Майстры пільна сачылі за захаваннем сакрэтаў. Вырабы ткаліся ўручную з тонкіх шаўковых, залатых і срэбных нітак. Даўжыня дасягала ад 2 да 4,5 метра, а шырыня – ад 30 да 50 см. На выраб аднаго пояса ішло ад 400 да 800 грамаў золата!

На краях паясы ўпрыгожваліся ўзорнай аблямоўкай, на канцах — пышным арнаментам, у якім народныя ўзоры спалучаліся з усходнімі матывамі. Вырабляліся аднабаковымі (з адваротным бокам), двухбаковымі – абодва бакі правыя. Найбольш каштоўнымі лічыліся чатырохбаковыя – кожны бок падзяляўся на дзве часткі з рознымі колерамі, пояс складваўся ўдвая. Канцы пояса мелі складаны арнамент, часцей з двума матывамі: авал, аточаны лісцем са сцяблом і кветкамі; кветкі на доўгім сцябле з галінкамі, якія выходзяць з зямлі ці з вазаў; букеты кветак з хвалепадобным аблямаваннем.

Слуцкі пояс быў абавязковым элементам шляхецкага касцюма. На кожным канцы яго была вышыта метка на лацінскай мове або кірыліцы «Мя сделалі у Слуцку», «SLUCK», «Въ граде Слуцк». Пояс нярэдка заканчваўся махрамі з шоўку, золата і серабра. Каштавалі гэтыя вырабы вельмі дорага – да 1000 злотых, а гэта прыблізна гадавы аклад афіцэра арміі Рэчы Паспалітай.

Фабрыка слуцкіх паясоў праіснавала да 1844 года.

Да Вялікай Айчыннай вайны слуцкія паясы захоўваліся ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, а падчас вайны частка іх была вывезена ў Германію, я частка калекцыі страчана. Акрамя таго, у 30-х гадах XX стагоддзя многія паясы былі прададзены за мяжу з мэтай папаўнення валютных запасаў краіны для развіцця савецкай прамысловасці. Сёння слуцкія шэдэўры знаходзяцца ў музеях Расіі, Украіны, Францыі, Польшчы, Літвы, Германіі, ЗША, прыватных калекцыях.

Копіі слуцкіх паясоў дакладна паўтараюць гістарычныя першаўзоры. У іх выкарыстоўваюцца адноўленыя прыёмы ткацтва, сапраўдныя шаўковыя, залатыя і сярэбраныя ніці, арнаментацыя і колеры. Новае жыццё слуцкіх паясоў – даніна павагі нашым продкам, напамін іх нашчадкам аб нязгасных традыцыях айчыннай культуры.

Наталля ЛОЎЧАЯ,

дырэктар раённага музея

Фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий