З клопатам аб лесе

Общество

Лясы раёна радуюць вока прыгажосцю і пышнасцю. Для таго, каб усё гэта захаваць і прымножыць, калектыву лясгаса даводзіцца шмат працаваць. Сёлета асноўная ўвага ў лясной гаспадарцы была скіравана на тэхнічнае пераўзбраенне і рэканструкцыю.

Як паведаміў дырэктар Уладзімір Валер’евіч Грыневіч, найбольшыя змены адбыліся ў гадавальніку. Тут узведзена цяпліца з металічным корпусам і пакрыццём з полікарбанату плошчай 604 квадратныя метры. Толькі на праект збудавання патрачана звыш 3-х мільярдаў недэмінаваных рублёў. Значныя грашовыя ўкладанні зроблены ў рамонт сушыльнага комплексу пры Пяршайскім лясніцтве, актыўна ідзе добраўпарадкаванне і іншых аб’ектаў: пры офісе Багданаўскага лясніцтва з’явілася агароджа з металапрофілю, цалкам адрамантавана такая ж установа ў Валожыне.

Акрамя гэтага лясгас выдзяляе вялікія сродкі на набыццё тэхнікі. Зусім нядаўна куплены два аўтамабілі, якія будуць задзейнічаны ў справе аховы лясоў ад пажараў. Са швейцарскай фірмай заключаны кантракт на пастаўку спецыяльных лесарубных агрэгатаў для высечак маладняку. За навінку давядзецца выкласці больш за 240 тысяч еўра. Але, як ужо падлічылі лясгасаўцы, такія траты апраўданы і хутка акупяцца.

Замежны рынак па-ранейшаму застаецца зонай, дзе можна заключаць выгадныя кантракты. Апошнім часам вырас попыт на абразныя дошкі. Каб не страціць партнёрскія зносіны, для мехустаноўкі “Клім” набылі новую лінію па выпуску патрэбных піламатэрыялаў.

Напярэдадні прафесійнага свята дэлегацыя лясной гаспадаркі раёна пабывала ў Мінску на мерапрыемстве, арганізаваным абласным дзяржаўна-вытворчым упраўленнем лясной гаспадаркі. Там, ва ўрачыстай абстаноўцы былі адзначаны лепшыя работнікі нашага лясгаса. Граматы і Падзяка Міністэрства лясной гаспадаркі ўручаны начальніку аддзела лясной гаспадаркі Аляксандру Казерскаму, ляснічаму Багданаўскага лясніцтва Дзянісу Маркоўскаму, аператару “Харвестара” Дзмітрыю Паўловічу. Нагрудным знакам “10 гадоў бездакорнай службы па ахове лесу” ўзнагароджаны ляснічыя Юрый Губіч, Рамуальд Хмялеўскі, Сяргей Арцішэўскі, знак “20 гадоў бездакорнай службы па ахове лесу” атрымалі памочнік ляснічага Пяршайскага лясніцтва Мечыслаў Шапавал і начальнік пажарна-хімічнай станцыі Часлаў Бункевіч.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий