Асартымент абнаўляецца рэгулярна

Общество

У прамысловы аддзел райспажыўтаварыства (хлебазавод) адзін-два разы на год даводзіцца наведвацца па рабоце. Заўсёды спадзяешся, што тут адбыліся перамены да лепшага. Але перад вачыма адкрываецца ўсё тая ж карціна, якая красамоўна гаворыць, што справы тут ідуць не вельмі…

Між тым, перабояў у рабоце прадпрыемства няма, прадукцыя выпускаецца якасная, асартымент абнаўляецца, тэндары на пастаўку хлебабулачных вырабаў выйграюцца. Грашовай выручкі на рахунак за апошнія месяцы паступала не менш за 300 мільёнаў недэмінаваных рублёў. Атрымліваецца нейкі парадокс: паспяховая праца не прыносіць выгады. Ні прадпрыемству, ні працуючым на ім.

Людзі любяць сваю работу. Кандытар Людміла БАЦЯН, напрыклад, вярнулася ў цэх пасля дэкрэтнага водпуску. Яна выдатны майстар сваёй справы. Тарты, пірожныя, вясельныя караваі ў яе заўсёды і смачныя, і прыгожыя. Той, хто давярае хлебазавадской прадукцыі, ахвотна заказвае ў яе салодкую выпечку да розных сямейных урачыстасцей. Жыла б гэта маладая жанчына ў вялікім горадзе, то без праблем адшукала б сабе работу куды больш аплатную. А так даводзіцца пагаджацца на тое, што ёсць.

Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі без мадэрнізацыі не абысціся. Не зашкодзілі б на хлебазаводзе новыя высокатэхналагічныя агрэгаты, ды і рамонт памяшканняў нядрэнна было б ажыццявіць. Там чысценька. Але колькі ж намаганняў трэба прыкласці працуючаму персаналу, каб будынак адпавядаў санітарным нормам для харчовай прамысловасці!

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий