Даць шанс кожнаму

Общество

У сувязі з тым, што Беларусь падпісала Міжнародную канвенцыю аб правах інвалідаў, розныя міністэрствы і ведамствы актыўна працуюць над зменамі ў заканадаўстве.

Плануецца, што ў хуткім часе людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў нашай краіне атрымаюць больш правоў і прэферэнцый. А ў тых установах, якія непасрэдна “завязаны” на інвалідах, аналізуюцца праблемы і перспектывы іх рашэння.

Наш раён у ліку яшчэ пяці трапіў пад асаблівую ўвагу Еўрапейскага Саюза. Валожыншчына стане тым плацдармам, на якім пачнецца апрабацыя новых праектаў пад эгідай Канвенцыі. На мінулым тыдні аддзяленне дзённага наведвання для інвалідаў сустракала гасцей з Польшчы, прадстаўнікоў сацыяльнай службы гэтай краіны, каардынатараў спецпраекта “TUSS”. Іх візіт распачаўся са знаёмства з нашым горадам, яго гісторыяй і культурай. Потым за “круглым сталом” сышліся тыя, хто па службовых абавязках адказвае за сацыяльную сферу: начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі, начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А. В. Старасценка, дырэктар ТЦСАН Г. Ф. Рай, старшыня Валожынскай пярвічнай арганізацыі ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” Л. У. Шчарбачэвіч, дырэктар карэкцыйнага цэнтра І. І. Кірыловіч, старшыня раённага аддзялення таварыства інвалідаў па зроку М. А. Невядомскі, старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў В. А. Субач, намеснік дырэктара асветніцка-праваабарончай установы “Офіс па абароне правоў людзей з інваліднасцю” С. Я. Драздоўскі.

shans

Чаму менавіта на наш раён выпаў выбар? Думаю, па прычыне таго, што сацыяльная работа з інвалідамі вядзецца на высокім узроўні: для іх самарэалізацыі створана выдатная матэрыяльная база, яны актыўна ўдзельнічаюць у культурным жыцці, у горадзе ажыццяўляецца праграма “Безбар’ернае асяроддзе”. Але супыняцца на гэтым рана.

Не сакрэт, што многія людзі з абмежаванымі магчымасцямі адчуваюць сябе абдзеленымі з-за шматлікіх забарон. Напрыклад, чалавек з першай ці другой групай інваліднасці не мае права ўладкавацца на працу. Нават калі ён здольны выконваць нейкія функцыі высокапрафесіянальна і зарабляць гэтым сабе на жыццё. Так, невялікую пенсію па інваліднасці дзяржава яму забяспечвае, але ж Канстытуцыя гарантуе яшчэ і права на працу. За мяжой, у тым ліку і ў суседняй Польшчы, працаваць ці не, рашае сам інвалід, а той работадавец, які залічвае ў штат чалавека з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, карыстаецца льготамі ў падаткаабкладанні. Нейкі допуск да працы для інвалідаў, вядома, прадугледжваецца. Але галоўным крытэрыем з’яўляецца тое, каб чалавек проста спраўляўся з прафесійнымі абавязкамі. У нас такое таксама практыкуецца, але не так шырока.

Многія інваліды, для якіх сёння на кар’еры па медыцынскіх паказчыках пастаўлены крыж, маглі б прыносіць карысць і сабе, і грамадству. Напрыклад, людзі з сіндромам Дауна вызначаюцца скурпулёзнасцю і дакладнасцю пры выкананні даручанай справы. Яны не ўмеюць хітрыць, абманваць. Чалавек з праблемамі слыху можа аказацца выдатным дызайнерам ці праграмістам. Як хтосьці зазначыў на сустрэчы, кожны інвалід хоча быць запатрабаваным. Шмат нараканняў выклікае існуючая сістэма УТЭК. Кожны год хворы чалавек ідзе ў медыцынскую ўстанову і ў чарговы раз даказвае сваю інваліднасць. Можна падумаць, што ў гісторыі здараліся выпадкі, калі вырастала ампутаваная нага ці рука…

У раёне зараз жыве 2149 людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, 157 з іх – ва ўзросце да 18 гадоў. Перад работнікамі сацыяльнай сферы пастаўлена задача, каб будучыня ў гэтай моладзі была як мага больш паўнацэннай.

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара



Добавить комментарий