Дапаможам усiм, чым можам

Общество

Побач з намі жывуць людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Кожны дзень ім даводзіцца перамагаць мноства перашкод. У 2011 годзе райвыканкамам было зацверджана рашэнне па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў.

На выкананне Праграмы патрачана 92,8 мільёна рублёў. Большая частка сродкаў, а менавіта 77,8 мільёна выдзялялася з мясцовага бюджэту, рэшту выдаткавалі выканаўцы работ. На працягу 2011-2015 гадоў галоўныя аб’екты аховы здароўя, адукацыі, гандлю, бытавога абслугоўвання абсталяваны пандусамі і поручнямі, у райцэнтры зніжана вышыня тратуарных бардзюраў, у гасцініцы “Карона” ёсць нумар для інвалідаў-калясачнікаў. На тэрыторыі раёна пастаянна праводзяцца рэканструкцыя і добраўпарадкаванне вулічна-дарожнай сеткі, пешаходных пераходаў, дваровых тэрыторый. Філіялам КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” пабудавана 16 аўтобусных прыпынкаў з нізкім бартавым каменем. Пры распрацоўцы праектаў жылых мікрараёнаў прадугледжваюцца месцы для гаражоў тых грамадзян, якія маюць праблемы з апорна-рухальным апаратам. Каля магазіна “Еўраопт” ёсць паркоўка для аўтамабіляў інвалідаў. У бліжэйшы час плануецца выдзеліць месца для бясплатнай аўтастаянкі транспарту інвалідаў каля паліклінік у Валожыне і Івянцы.

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне накіроўвае на рэабілітацыю інвалідаў па зроку ў санаторый “Пад’ельнікі”. За чатыры гады там пабывалі 40 грамадзян. Рэабілітацыя інвалідаў праводзіцца бясплатна, сродкі выдзяляе абласны бюджэт.

Для таго, каб людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі маглі задаволіць свае культурныя запатрабаванні, бібліятэчны фонд раёна папоўніўся аўдыёкнігамі. Ёсць у бібліятэках і спецыяльныя стэлажы для фізічна аслабленых людзей.

Пра паляпшэнне ўмоў жыцця для інвалідаў грамадства будзе клапаціцца і далей. Найперш пастаўлена задача стварыць безбар’ернае асяроддзе на ўсіх аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання. Патрабуюць адпаведнага рамонту ганкі ў амбулаторыях агульнай практыкі ў Падбярэззі, Пяршаях, Багданаве. Пры ўзвядзенні новых будынкаў неабходна кіравацца прынцыпам “універсальнага дызайну”, які максімальна аблегчыць адаптацыю інвалідаў. Запланавана таксама і выдзяленне жылля для фізічна аслабленых людзей.

З гэтага года ў раёне пачне ажыццяўляцца праект Еўрапейскага Саюза “Валожын без бар’ераў” на суму 1 мільён еўра. Праект выйграў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пасля рэканструкцыі другога паверха аддзялення дзённага наведвання інвалідаў па вуліцы Набярэжнай там адкрыецца турыстычнае бюро для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і міні-гасцініца. Таксама будзе адаптавацца ўся турыстычная індустрыя раёна, каб ёй больш шырока маглі карыстацца інваліды.

 Наша задача — зрабіць так, каб людзі з фізічнымі абмежаваннямі мелі свабодны доступ да ўсяго, што ім цікава ці неабходна. А для гэтага патрабуюцца намаганні ўсіх службаў і ведамстваў. Толькі разам мы зможам дапамагчы тым, каму гэта так неабходна ў паўсядзённым жыцці.

Леанід САДОЎСКІ,
начальнік упраўлення па працы,

занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама



Добавить комментарий