Блiзкi майму сэрцу куток…

Общество

Добры дзень, дарагая рэдакцыя!

Калісьці, у канцы 60-х гадоў, калі была студэнткай Белдзяржуніверсітэта, я праходзіла ў вас практыку. Памятаю Софію Кавязу, адказнага сакратара Высоцкага, намесніка рэдактара Бажка, фотакарэспандэнта Кулачэнку. У 1972 годзе пасля заканчэння журфака лёс прывёў мяне спачатку ў Гомель, а праз год – у Бранск. Тут і прарабіла 25 гадоў у тэлерадыёкампаніі, а потым яшчэ 9 гадоў – у прэс-службе вобласці і горада.

На радзіме – у вёсцы Сівіца – засталіся бацькі Мікалай Іванавіч і Ніна Іосіфаўна Галубцовы. Бацька ўзначальваў тады калгас «Рассвет» (у 1976 годзе яго не стала), маці была хатняй гаспадыняй. Ужо даўно няма і яе. Прыкладна раз у два гады мы з мужам прыязджаем, каб пабываць на магіле маіх бацькоў. Нядаўна вярнуліся ў Бранск з Беларусі. Хачу падзяліцца з чытачамі тым, што больш за ўсё здзівіла і парадавала мяне ў родных краях.

Прайшло больш за 40 гадоў, як я пакінула родны край – Валожыншчыну. Так распарадзіўся лёс, што другой радзімай для мяне стала расійская Браншчына, радзіма мужа. Першыя часы прыязджала ў Івянец, Сівіцу кожны водпуск. Блізкі майму сэрцу куток стаў любімым месцам і для маіх дзяцей. Канікулы ў вёсцы яны ўспамінаюць і дагэтуль, ужо зусім дарослыя, маючы сваіх дзяцей-школьнікаў.

Калі бацькоў не стала, і бацькоўскі дом апусцеў, нашы паездкі на радзіму сталі карацейшыя і радзейшыя, але кожны раз падарожжы па роднай Беларусі пакідалі свой след. Пасля Чарнобыльскай трагедыі, якая закранула чорным крылом маю малую радзіму, у Сівіцы, у суседніх Вуглах з’явіўся водаправод, асфальтавалі дарогі, прыйшоў газ. Сёння тут жывуць і маюць усе гарадскія выгоды. У Сівіцы, а цяпер яна не проста вёска, а аграгарадок, добрая школа.

Новая сустрэча з роднай Беларуссю на зыходзе лета зноў здзівіла і парадавала мяне. І раней, гадоў 5-10 назад, беларускія дарогі выгадна адрозніваліся ад расійскіх. Разметка, чыстыя і абкошаныя абочыны, уладкаваныя месцы для адпачынку… На дарогах заўсёды працавалі дарожна-камунальныя службы.

Мы з мужам у 2011 годзе на машыне праехалі праз усю Еўропу. Нас пакарылі хуткасныя дарогі Германіі і Францыі.

І вось у 2016 годзе едзем з Бранска праз Смаленск, Магілёў у Мінск. Як толькі мінулі Магілёў, апынуліся на такой жа еўрапейскай хуткаснай трасе. Думалі, яна вось-вось скончыцца, застанецца ззаду мнагарадны рух. Там, дзе дарога праходзіць побач з лесам, ад нечаканай сустрэчы з яго насельнікамі засцерагаюць металічныя загарадзі. Але вось праехалі ўжо некалькі дзясяткаў кіламетраў, а магістраль усё такая ж. Менш за дзве гадзіны заняла дарога ад Магілёва да Мінска.

На зваротным шляху, а ехалі праз Гомель, такая ж карціна! А, здаецца, зусім нядаўна, вясной 2013 года, тут ішла рэканструкцыя дарогі. І зноў у вадзіцеля ніякай стомленасці, шлях ад Мінска да Гомеля заняў крыху больш за 3 гадзіны. Радавалі і палі. Акуратныя сцірты-валкі саломы, сена клапатліва абгорнуты ці сеткай, ці непрамакальным матэрыялам.

Нядзіўна, што кіраўнікі Бранскай вобласці цесна супрацоўнічаюць з аграрыямі з Беларусі, у жніўні сустракаліся з вышэйшым кіраўніцтвам рэспублікі і заключалі прамыя дагаворы аб супрацоўніцтве.

Нечакана для сябе на малой радзіме трапілі на свята. Вуглы – родная вёска маёй маці. Яна мае свае асаблівасці. Ёсць Вуглы Першыя, Другія, Трэція і нават Чацвёртыя, як і належыць, бо ў хаце чатыры куты. Чатыры вуліцы з некалькімі дзясяткамі дыхтоўных дамоў. Некаторыя купілі мінчане замест дачы. Тут прайшлі дзяцінства, юнацтва маёй маці – Ніны Іосіфаўны Галубцовай (у дзявоцтве Лямбовіч), тут падчас вайны за дапамогу партызанам былі расстраляны фашыстамі яе сям’я і сем’і іншых аднавяскоўцаў. Тут у 1966 годзе на месцы расстрэлу клопатамі майго бацькі, тагачаснага старшыні калгаса «Рассвет» Мікалая Іванавіча Галубцова ўстанавілі помнік загінуўшым жыхарам Вуглоў, па дарозе да яго высадзілі алею з ліп.

Колькі гадоў прайшло, а жыхары Вуглоў памятаюць і тыя трагічныя падзеі, і тых, хто ўвекавечыў памяць пра ахвяр вайны. А яшчэ тут нарадзілася новая традыцыя: тыя, хто з’ехаў з вёскі, але наведвае сваіх родных, арганізоўваюць фэст, Свята вёскі. Нядзельным днём робяць агульны стол, дзеляцца ўспамінамі, спяваюць песні, чытаюць вершы ўласнага сачынення пра свае любімыя Вуглы. Традыцыю гэту заклалі вядомыя на ўвесь раён і паспяховыя сёння ўраджэнцы Вуглоў – фермер-садавод Браніслаў Адамовіч і індывідуальны прадпрымальнік, што займаецца перавозкамі, Сяргей Бібік. Нездарма кажуць: таленавітыя людзі – таленавітыя ва ўсім. Так і гэтыя людзі, якія адбыліся ў сваёй справе, адбыліся і як нефармальныя лідары сваіх аднавяскоўцаў. Музычна адораныя, яны абодва выдатна валодалі аўдыторыяй і вялі сустрэчу так, што кожны мог раскрыць сябе, паказаць свае здольнасці і свае адносіны да родных месцаў.

Кожная такая сустрэча з землякамі і кранае, і радуе. Як багатая беларуская зямля адданымі ёй людзьмі! Аддаючы сябе паўсядзённым будзённым клопатам, яны робяць яе лепшай і прыгажэйшай.

Рыма ЯЦКОВА

(у дзявоцтве Галубцова),

член Саюза журналістаў Расійскай Федэрацыі



Добавить комментарий