Пад шатамi грэцкiх арэхаў

Культура

Анатолій Антонавіч ГАНЬКО з Валожына патэлефанаваў у рэдакцыю нашай газеты і расказаў пра цуда-бульбіну, што вырасла на іх сотках. Агародніна нагадвае ці то галаву сабакі, ці то Чабурашкі з савецкага мультфільма.

Прыродны феномен выкапаў зяць-палкоўнік Аляксандр Шыян. Усе родныя збегліся паглядзець, дзівіліся і радаваліся, як дзеці. Самая аб’ёмная частка бульбіны – галава, па баках парасткі трохі меншыя – вушы, а два самыя маленькія выступы – выпуклыя вочы. Ёсць у бульбіны нават высунуты “язык”! І вага ў гэтага “звера” значная – 1 кілаграм 100 грамаў. Што тут скажаш? Прырода – найлепшы мастак.

Адправілася на вуліцу Беларускую, каб зірнуць на такое дзіва. Пры сустрэчы з 82-гадовым гаспадаром сядзібы цікавых фактаў пра незвычайную бульбіну дадалося. Агародніна аказалася на рэдкасць ураджайнай. Садзілі яе першы год. Закапалі ў зямлю ўсяго 24 штукі, а сабралі ўвосень два з паловай мяшкі! Вось толькі назвы гатунку, на жаль, ніхто не памятае: клубні спрэзентавалі сыну знаёмыя. Вырошчвалі бульбу незвычайным спосабам. Кожны клубень садзілі на адлегласці метра адзін ад аднаго. Глыбока не закопвалі, а толькі прысыпалі зверху зямлёй і час ад часу акучвалі. У выніку атрымліваліся насыпы дыяметрам 60 сантыметраў.

З цуда-агароднінай цырымоніцца не будуць. Бульбіна-гігант пойдзе на дранікі ці ў страву “Мяса па-французску”. А вось звычайная бульба ў гэтым годзе ўрадзіла не дужа: з 5-і пасаджаных мяшкоў накапалі толькі 15. Агуркі, морква, бурак, цыбуля, кабачкі і разнастайная зеляніна – усё са сваіх градак. У магазін за гароднінай гэта сям’я не ходзіць.

Гаспадар Анатолій Антонавіч, афіцэр у адстаўцы, да флоры наогул не абыякавы. Батаніка – яго хобі і запал. Невыпадкова жонка Ніна Сцяпанаўна АКРАЕЦ, у мінулым прадавец аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, ласкава называе яго “мой мічурынец”. На дрэвы з пладамі грэцкіх арэхаў у двары іх дома не адразу звяртаеш увагу. Яны настолькі высокія – разгалістая крона закрывае нават дах хаты, што праходзіш міма, прымаючы іх за звычайны ясень, лісце якога вельмі падобна да зеляніны з грэцкіх “мігрантаў”.

15 гадоў назад Анатолій Антонавіч пасадзіў грэцкі арэх беларускай селекцыі “Ідэал”. Пладаносіць дрэва ўжо 4-ы сезон. Арэхі нічым не ўступаюць магазінным: буйныя і прыемныя на смак.

Руплівы гаспадар навучыўся вырошчваць грэцкі арэх не толькі з саджанца, але і з костачкі. Каб спроба ўвянчалася поспехам, костачка абавязкова павінна быць спелай і свежай. Арэхі выспяваюць напачатку верасня і падаюць на зямлю ў лупіне, як каштаны. У гэты час і варта браць костачку з трэснутага каляплодніка для пасадкі. Магазінныя арэхі для гэтай задумы не падыдуць: яны зацвярдзелі і прайшлі спецыяльную апрацоўку. Затым Анатоль Антонавіч 3-4 дні вымочвае костачку ў дажджавой ці рачной вадзе, але ні ў якім разе не ў калодзежнай і водаправоднай. Пасля саджае ў звычайную пластмасавую бутэльку з чыстым пяском (аднак не з зямлёй!), з праробленымі ў дне адтулінамі для цыркуляцыі паветра. Праз 23-25 дзён з’яўляецца парастак. Такіх саджанцаў Анатолій Антонавіч выгадаваў процьму, шмат раздаў сваякам і знаёмым. Зараз на ўчастку 5 дрэў грэцкіх арэхаў. У спрыяльных умовах гэты “іншаземец” можа пражыць да 300-400 гадоў.

У засені лістоты грэцкага арэха месціцца лаўка для адпачынку. Пах яго лісця адганяе мух і камароў. Невыпадкова на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі ля гэтых дрэў ладзяць святы з накрытымі сталамі, а таксама будуюць летнія кухні.

Недалёка ад дарогі пасаджаны манчжурскі арэх, костачкі якога вельмі падобныя да грэцкага, толькі цямнейшыя і зморшчаныя ўглыб. Гэты ўсходні “госць” таксама добра вымахаў, дасягаючы электрычных правадоў, і шчодра пладаносіць.

Сям’я Анатолія Антонавіча і Ніны Сцяпанаўны можа пахваліцца таксама персікавым дрэвам. Ураджай збіраюць і з войлачнай вішні, яблынь, кустоў парэчак і маліны. Важкія жоўтыя плады паспяваюць на грушах. Але асабліва ганарыцца гаспадар жоўта-зялёным і сінім вінаградам. З яго ён робіць дамашняе віно для сямейных застолляў, падчас якіх пад дахам дома збіраюцца адразу 4 пакаленні родных.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий