Вiталi гасцiнна і сардэчна

Официально

Такога прадстаўнічага і рознагалосага візіту, як у мінулую сераду, на нашай Валожыншчыне яшчэ не было. Супрацоўнікі ААН, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і міжнародных арганізацый, міністэрстваў і ведамстваў, СМІ, бізнес-кампаній, замежныя студэнты і шмат іншых людзей, якія сябруюць са спортам і з’яўляюцца актыўнымі прыхільнікамі “зялёнага” руху, сабраліся разам, каб паўдзельнічаць у велапрабегу і паплаваць на байдарках па Іслачы.

Перад стартам удзельнікаў велапрабегу, валанцёраў і гасцей віталі шматлікія афіцыйныя асобы. Першымі слова атрымалі кіраўнік ПРААН у Беларусі Санака САМАРАСІНХА, прадстаўнік Еўрасаюза Андрэа ВІКТАРЫН, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей ГЛІНСКІ. Кожны з іх акцэнтаваў увагу на тым, што прырода – галоўнае багацце чалавецтва, якое неабходна захаваць, каб і наступныя пакаленні маглі жыць на гэтай цудоўнай планеце.

1-23-09

Мэта мерапрыемства – заахвочванне да здаровага ладу жыцця і папулярызацыя экалагічнага віду транспарту. У планах таксама значылася знаёмства гасцей з Налібоцкай пушчай, яе наваколлем. Задоўга да старту Пяршаі, дзе пачалося мерапрыемства, запоўніліся аўтатранспартам, які даставіў удзельнікаў велапрабегу і валанцёраў. Яны тут жа акунуліся ў атмасферу свята. На цэнтральнай плошчы аграгарадка іх ужо чакала выстаўка-продаж сувеніраў, зробленых членамі народнага аб’яднання майстроў “Скарбніца”, а на прыступках мясцовага Дома культуры даваў канцэрт наш непараўнальны, галасісты гурт “Гасцінец”.

2-23-09

 Няўстойлівае надвор’е, якое прыпала на пачатак свята, арганізатары кампенсавалі ўтульнымі палаткамі з электрападагрэвам, а таксама бясплатнай кавай і чаем. А многія ўдзельнікі вырашылі пагрэцца… танцамі! Артысты з “Гасцінца” сагітавалі на кадрыль і падыспань нават кіраўніка прадстаўніцтва ААН у Беларусі Санаку Самарасінху.

 Траса працягласцю 22 кіламетры лёгкай не была, бо праходзіла то па гравійцы, то па лясных дарожках. Але пакарылі яе амаль усе. Уразіла, што і людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі паказалі добрую фізічную загартоўку. Найбольш падрыхтаваныя не толькі круцілі педалі, але і пераадолелі хуткаплынную Іслач на байдарках.

3-23-09

 Фінішаваў велапрабег у Белакорцы. Тут усіх чакалі абед, канцэрт і прыемныя сюрпрызы. Да прыкладу, каму неабходна было размяць мышцы пасля доўгага веласіпеднага шляху, дапамагалі прафесіянальныя масажысты. Паклапаціўся пра пачастункі і аддзел грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. Асартымент прапанаваных страў быў багатым, але шашлык, прыгатаваны валожынскімі поварамі, быў па-за канкурэнцыяй. Пяцьсот порцый духмянага шашлыку госці ацанілі па самай высокай шкале.

 Адчувалася, што ўдзельнікі мерапрыемства засталіся задаволенымі. Многія поўніліся бадзёрай энергіяй і шчыра шкадавалі, што цудоўнае спартыўнае свята набліжалася да завяршэння…

Алена ЗБІРЭНКА

Фота аўтара

 і Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий