Вартуюць елкi векавы спакой…

Культура

100 гадоў таму па прасторах нашай зямлі кацілася навала Першай сусветнай вайны. Пасля яе засталіся аголеныя пагоркі, выкапаныя наспех акопы і траншэі, ды… могілкі. Амаль забытыя ў грамадстве, без крыжоў і іншых абазначэнняў, парослыя травой і мохам, непрыкметныя грудкі – месцы, дзе знайшлі апошні спачын салдаты-абаронцы.

 Ёсць такое непадалёк вёсак Жомайдзь і Харытоны. І вось я – там… Цяпер пра тое, што на ўскрайку лесу ў акружэнні дрэў знаходзяцца старадаўнія могілкі, памятаюць нават не ўсе карэнныя жыхары названых вёсак. Гэта высветлілася яшчэ на пад’ездзе да памятнага месца. Насустрач мне рухаўся аўтамабіль, і сустрэты вадзіцель – тутэйшы ўраджэнец – не адразу змог прыгадаць, што за могілкі такія і дзе канкрэтна яны размяшчаюцца. Не без падказак, але ўсё ж дабраўся туды – у Ліпкі, як называецца гэта мясцовасць. Галоўным і самым прыкметным яе арыенцірам з’яўляецца старая здвоеная ліпа, якая шуміць голлем над соснамі і елкамі, што стараліся, ды так і не здолелі абагнаць у росце зялёнага гіганта. Павернешся ўлева – і праз лясную дарогу ўпрэшся позіркам у парослую мохам канаўку глыбінёй каля паўметра. Менавіта яна акружае пляц агульнай плошчай прыкладна 40 сотак і абазначае мяжу могілкаў.

 Пазнаць здалёк, што ў гэтых мясцінах калісьці вяліся жорсткія баі, а потым зямля прымала ў халодныя абдымкі загінуўшых на вайне абаронцаў, цяпер немагчыма. Затое ў памяці вяскоўцаў засталіся звесткі, перададзеныя ім бабулямі-дзядулямі. Згодна з імі, тут пахаваны больш як 300 чалавек. Па ўспамінах старажылаў, “за польскім часам” людзі атулялі могілкі ўсемагчымым доглядам. Масавае пахаванне было абгароджана, а на ўваходзе стаяла брама, каля якой палымнелі яркія кветкі. За магілкамі даглядалі вясковыя жанчыны, якія добра памяталі жахі ліхалецця і шчыра аддавалі даніну павагі тым, хто жыццём заплаціў за мір…

 Ішоў час, мяняліся пакаленні, жыццё наладжвалася, а падзеі Першай сусветнай аддаляліся, станавіліся ўсё больш цьмянымі ў грамадскай свядомасці. Не адразу, але прыйшлі ў запусценне і могілкі. На іх нарос лес, карэнні разбурылі і разгладзілі земляныя насыпы, згніла драўляная агароджа, павалілася брама, вывеліся краскі… Працягвалі помніць толькі жыхары Жомайдзі і Харытонаў… ды яшчэ чорнакапальнікі, якія ўпотайкі ад вяскоўцаў раз-пораз наведваліся сюды ў надзеі “нажыцца” чарговым трафеем.

 Пра гэта рэдакцыі стала вядома з дасланага крытычнага пісьма, у якім невядомы аўтар абураўся занядбанасцю святога месца і скардзіўся на нядобрасумленных дачнікаў, якія паступова ператвараюць старадаўнія могілкі ў сметнік. Гэты ліст і стаў прычынай, па якой я вырашыў асабіста наведацца ў Ліпкі і пераканацца ў напісаным на свае вочы.

 На ўездзе (для большасці наведвальнікаў – уваходзе, бо праехаць тут нават у сухі сезон можа без праблем толькі спецыяльная тэхніка) у лес стаіць слуп з таблічкай “Памятнае месца”. Паглыбляешся далей – і сустракаеш яшчэ адну прыкмету: на некаторых дрэвах чырвонай фарбай вакол ствала прыкладна на ўзроўні вачэй нанесены лініі. У Вішнеўскім сельвыканкаме (а менавіта да тэрыторыі гэтага сельсавета адносіцца векавое захаванне) патлумачылі: такія пазначэнні рабілі байцы пошукавага батальёна, што летам працавалі на могілках. У іх задачу ўваходзіла выяўленне артэфактаў, якія б дапамаглі ў будучым праліць святло на прозвішчы спачылых, а ў цэлым – і на падзеі, якія разгортваліся на Валожыншчыне падчас Першай сусветнай вайны. Для гэтага салдатам давялося правесці афіцыйныя раскопкі, пасля чаго ў зямлі засталіся неглыбокія ямы. У згаданым вышэй пісьме было сказана, што менавіта ў тыя паглыбленні і скідваецца смецце. Спяшаю заспакоіць і аўтара ліста, і чытачоў: я спецыяльна абышоў усю тэрыторыю, зазірнуў у кожную раскопку, але пацвярджэння напісанага не ўбачыў. Хаця, сумленна кажучы, адзін астравок неахайнасці за межамі могілкаў усё ж такі “запеленгаваў”. І гэта прымушае задумацца…

 Сярод самых святых каштоўнасцей ва ўсе часы і ва ўсіх народаў лічылася памяць. Карэспандэнты газеты ўдзячны чалавеку, які даслаў нам пісьмо. Па-першае, радуе, што застаецца шмат нераўнадушных людзей, якія шчыра клапоцяцца пра захаванне народнай спадчыны ва ўсіх яе праявах, а па-другое, што і самім нам выпала магчымасць дакрануцца да сівой гісторыі і перагарнуць яшчэ адну невядомую дагэтуль старонку. Канчатковая ж кропка ў гэтай сітуацыі пакуль не пастаўлена. Прадстаўнікі ўлады ўжо прынялі канкрэтныя меры, каб апісаная праблема больш не ўзнімалася. Якія – рассакрэчваць не будзем. А ў планах на перспектыву – паступова даць памятнаму месцу новае жыццё.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий