Общество

Работнікі станцыйнай пуцявой брыгады Маладзечанскай дыстанцыі пуці на чале з брыгадзірам Аляксандрам МАЦЭВІЧАМ (на здымку – другі злева) дыслацыруюцца на Багданаўскім чыгуначным пункце.

Дзяніс ВЯЛЮТА, Аляксандр ТАМАШЭВІЧ, Міхаіл СТАШКЕВІЧ і Гендрык КАРЭЙВА валодаюць багатым вопытам работы на давераным участку, ды і жывуць фактычна ў крокавай даступнасці. Гэта дапамагае работнікам у выпадку якойсьці сур’ёзнай сітуацыі (а такія не-не, ды і здараюцца, бо чыгунка з’яўляецца адным з самых важных і загружаных транспартных шляхоў) без страты часу прыступіць да яе выпраўлення. Пад пільным кантролем гэтай зладжанай і спрактыкаванай каманды – стан рэек і шпалаў, спраўнасць пераездаў і баластных прызм, стрэлачных пераводаў і застыкаў… Як заўважаюць члены брыгады, пытанні, якія патрабуюць аператыўнага ўмяшання, растуць у геаметрычнай прагрэсіі са ступенню інтэнсіўнасці чыгуначнага руху. Праз Багданава ў сярэднім за суткі праходзяць 12 пасажырскіх цягнікоў і каля 5-і грузавых саставаў, таму “сумаваць” мужчынам не даводзіцца. Штодзень яны клапатліва дбаюць, каб кожны машыніст вярнуўся дадому своечасова…

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий