Вiнаватых у цемры не вiдаць…

Закон и порядок

25 верасня завяршылася акцыя “Пешаход”, якую праводзілі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. Такія мерапрыемствы маюць высокую прафілактычную карысць і дазваляюць у канечным выніку выратаваць не адно жыццё…

За 8 месяцаў 2016 года на тэрыторыі раёна зарэгістраваны 19 дарожна-транспартных здарэнняў, падчас якіх загінулі 3 чалавекі і 18 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. 3 ДТЗ здзейснілі вадзіцелі ў стане алкагольнага ап’янення. Па-ранейшаму застаецца высокай удзельная вага аўтааварый з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў, зарэгістраваны 4 ДТЗ, у якіх 4 пешаходы атрымалі цяжкія траўмы.

Асноўнай з прычын трагічных выпадкаў з’яўляецца ігнараванне людзьмі Правіл дарожнага руху. Часта яны знаходзяцца на праезнай частцы ў стане алкагольнага ап’янення, “забываюць” насіць у цёмны час сутак святлоадбівальныя элементы і г. д.

Напачатку года адным з вечароў жыхар вёскі Вялікі Трасцянец, кіруючы аўтамашынай Хундай Лантра, пры руху на неасветленым участку аўтадарогі Мінск – Гродна здзейсніў дотыкавы наезд на жанчыну-мінчанку, якая нечакана выйшла на праезную частку. У выніку яна атрымала цялесныя пашкоджанні і была шпіталізавана ў сталічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Вядома ж, на вопратцы пацярпелай святлоадбівальных элементаў не было.

Кожны з нас, выходзячы на дарогу, павінен разумець, што ведаць тэарэтычна Правілы дарожнага руху недастаткова, іх яшчэ неабходна выконваць! У большасці здарэнняў пешаходы вінаваты самі: яны то пераходзяць праезную частку дарогі па-за пешаходным пераходам, то перабягаюць праз шашу на забараняльны сігнал святлафора. На жаль, нярэдкія выпадкі, калі пешаходы ў стане алкагольнага ап’янення сядзяць, а то і ляжаць на праезнай частцы. А ноччу на неасветленым участку дарогі або ў неспрыяльных надворных умовах такога чалавека, пагадзіцеся, вельмі складана заўважыць.

Такі выпадак адбыўся 9 мая каля 2 гадзін ночы. Вадзіцель з Мінска, рухаючыся па 35-м кіламетры аўтадарогі Мінск – Гродна, наехаў на нецвярозага мужчыну, які ў той момант знаходзіўся на праезнай частцы. Пешаход атрымаў цялесныя пашкоджанні і быў шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне Валожынскай райбальніцы.

Разам з тым, не адзінкавыя і выпадкі грубых парушэнняў ПДР з боку вадзіцеляў. Прыкладам можа паслужыць трагічнае здарэнне, якое адбылося зноў жа 9 мая ў самім райцэнтры. Тады вадзіцель-пенсіянер збіў на нерэгулюемым пешаходным пераходзе чалавека, якога затым шпіталізавалі ў хірургічнае аддзяленне ЦРБ.

Дзяржаўтаінспектары раёна пастаянна нагадваюць пешым удзельнікам дарожнага руху аб асноўных мерах бяспечных паводзін на дарозе і заклікаюць у цёмны час сутак пазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі. Асабліва гэта актуальна цяпер, з надыходам асенне-зімовага перыяду. Хацелася б, каб і самі пешаходы былі больш дысцыплінаванымі і адказнымі!

Нагадваем, што парушэнне Правіл дарожнага руху пешаходам, веласіпедыстам ці чалавекам, які кіруе гужавым транспартным сродкам, цягне накладанне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь (ад 21 да 63 рублёў). Калі парушальнік пры гэтым знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення – штраф ад 3 да 5 базавых велічынь (ад 63 да 105 рублёў), а калі парушэнне ПДР прывяло да стварэння аварыйнай сітуацыі – вінаваты будзе пакараны штрафам ад 3 да 8 базавых велічынь (ад 63 да 168 рублёў).

Аддзяленне ДАІ РАУС



Добавить комментарий