Прытулiла беларуская зямля

Общество

Украінская сям’я ВЯРДЗІЕВЫХ, ратуючыся ад бамбёжак у Данбасе, знайшла сабе мірны прыстанак на Валожыншчыне. У вёсцы Сакаўшчына перасяленцы атрымалі новы дом і ўладкаваліся на працу.

Складана ўявіць, што перажывае чалавек, выгнаны вайной са сваёй радзімы, супраць сваёй волі стаўшы эмігрантам, бежанцам. Ці магчыма ў чужой краіне, няхай нават краіне-суседцы, пусціць новыя моцныя карані і адчуць сябе як дома? Як справіцца з болем перажытага?

Вярдзіевы пакідалі роднае сяло Навасёлаўка, што пад Марыупалем, у бязвыхадным адчаі. Ад бесчалавечнасці і бессэнсоўнай жорсткасці, у страху за сваё жыццё, ратаваліся паспешным ад’ездам з Навасёлаўкі і іншыя сем’і.

Пра лакальныя ваенныя канфлікты, якія трывожаць сучасны свет, сям’я ведала толькі з тэлевізійных навін і газет. Што гора і слёзы прыйдуць на ўкраінскую зямлю – ніхто не мог уявіць. Толькі паспела ўціхнуць рэха Вялікай Айчыннай. Жывуць яшчэ ветэраны, памятаючы франтавое пекла, загінуўшых баявых таварышаў ці родных. Здавалася, ніхто не стане паўтараць памылкі мінулага.

Калі снарады пачалі ўзрывацца непадалёку сяла, а затым трапляць у суседнія дамы, і глыбіня варонак дасягала паловы чалавечага росту, а вакол – выпаленая зямля, мала хто будзе спакойна разважаць, падлічваць усе “за” і “супраць” ад’езду. З сабой Вярдзіевы ўзялі толькі ікону, неабходныя рэчы і некаторыя харчовыя прыпасы. На двары быў канец зімы 2015 года.

У Сакаўшчыне на першых парах Наталля Іванаўна з мужам Віталем Аляксандравічам і дзецьмі асталяваліся ў агульным доме, дзе знайшлі прытулак яшчэ дзве ўкраінскія сям’і перасяленцаў. Прыйшлося жыць “шумнай камуналкай”. Але, як кажуць, у цеснаце, ды не ў крыўдзе: суседзямі па пакоях былі сваякі мужа – сястра з мужам і дачкой, брат з жонкай і двума сынамі.

З лютага гэтага года Вярдзіевы абжываюць новы прасторны дом па вуліцы Лясной. Яго яны атрымалі ад гаспадаркі КСУП “Сакаўшчына-агра”, уладкаваўшыся сюды на працу. Сваякам мужа гаспадарка таксама выдзеліла новыя дамы.

На Украіне Наталля Іванаўна працавала прадаўцом у магазіне. Муж быў электрыкам на заводзе “Азоў”. Зараз сям’я занята ў жывёлагадоўлі. Віталій Аляксандравіч працуе брыгадзірам жывёлагадоўчай брыгады, Наталля Іванаўна на комплексе даглядае цялят. Абзавяліся хатняй гаспадаркай. Гадуюць курэй, гусей і парася.

Гэтай восенню Вярдзіевы збіраюць ураджай з беларускай зямлі. Ля хаты разбілі агарод. Гаспадыня вырошчвае перац, капусту, у цяпліцы – памідоры. На некалькіх сотках урадзіла бульба. Побач з домам – ціхі лес. Вядома, глебы тут не такія ўрадлівыя, як чарназёмы Данбаса.

Сваякі ж з украінскай Навасёлаўкі паведамляюць трывожныя навіны. З пачатку грамадзянскай вайны людзі гінуць не толькі ад агнявога абстрэлу. Затоеныя ў палях неразарваныя снарады і міны забіраюць жыцці мірных жыхароў падчас апрацоўкі зямлі пад будучы ўраджай… Справядліва заўважана: “Быць можа, толькі таму зноў і зноў узнікаюць войны, што адзін ніколі не можа да канца адчуць, як пакутуе іншы…”

Чаму, пакідаючы Украіну, выбар Вярдзіевых паў на Беларусь? Годам раней сюды пераехала іх старэйшая дачка Аня разам з мужам, чые сваякі жывуць у Вішневе. Маладая сям’я пакідала месца ваеннага канфлікту, хвалюючыся за лёс дачушкі Софіі, якая толькі нарадзілася.

Малодшая дачка Вярдзіевых Саша сёлета перайшла ў 8 клас Сакаўшчынскай сярэдняй школы. 18-гадоваму сыну Паўліку школу прыйшлося заканчваць ужо ў Беларусі. Хлопец паступіў вучыцца ў Беразінскі ліцэй, уладкаваўся зваршчыкам на працу ў КСУП “Сакаўшчына-агра”.

Цікаўлюся ў Наталлі Іванаўны: “Калі ваенны канфлікт у хуткім часе ўрэгулююць, ці вернуцца яны на радзіму?” Гаспадыня спадзяецца вярнуць страчаныя надзеі, з думкамі пра Навасёлаўку засынае і прачынаецца. Там засталіся бацькі-пенсіянеры. З’язджаць яны адмовіліся. Пільнуюць пакінуты дом. Яго сцены абавязкова павінны зноў пачуць дзіцячыя галасы!

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий