Жыццё на 10 балаў

Общество

Аксана Аляксандраўна РУСОВІЧ – настаўніца матэматыкі і інфарматыкі з Івянца, магістр педагагічных навук, удзельніца Сусветнага скаўцкага руху і заўзятая падарожніца.

Перфекцыяніст па натуры, яна прывыкла ў жыцці ўсё рабіць ідэальна. З чырвоным дыпломам скончыла Нясвіжскі педагагічны каледж. На факультэце матэматыкі і інфарматыкі завочнага аддзялення БДПУ імя М. Танка дзяўчына таксама вучылася на выдатна. Вынік руплівай вучобы – другі дыплом з адзнакай і запрашэнне ў магістратуру ВНУ.

Сёлета, праз паўтара года навукова-даследчай дзейнасці, маладая настаўніца атрымала вучоную ступень магістра навук. Перасягнуўшы другую прыступку вышэйшай адукацыі, з’явілася магчымасць паступіць у аспірантуру, працаваць над кандыдацкай дысертацыяй. Але дзяўчына вырашыла ўзяць тайм-аўт. Бо, акрамя 9 класаў Івянецкай СШ, за плячамі ўжо 12 студэнцкіх гадоў стараннай вучобы.

Першым месцам працы Аксаны Аляксандраўны стала Падбярэзская школа. Тут два гады па размеркаванні маладая настаўніца пачатковых класаў дапамагала маленькім гарэзам авалодваць граматай і арыфметыкай, развіваць камунікабельнасць і мастацкія здольнасці.

У Івянецкай сярэдняй школе А. А. Русовіч працуе 6-ы год. Педагагічны калектыў цэніць маладую калегу за кампетэнтнасць, эрудыцыю і ініцыятыўнасць. Вучняў жа настаўніца прывабіла адкрытасцю і добразычлівасцю.

Уменне лёгка знаходзіць агульную мову і кантакт з пачаткоўцамі і падлеткамі дапамагае Аксане Аляксандраўне паспяхова кіраваць адным са скаўцкіх саюзаў, якія існуюць у Івянцы. Скаўцкі рух – сусветны. Мэта яго – раскрываць інтэлектуальны і фізічны патэнцыял маладых людзей, выхоўваць адказных грамадзян. Аксане Аляксандраўне даручаны дзявочы скаўцкі саюз імя святой Клары. Тут пад 40 дзяўчат. Не так даўно яны пабывалі ў Францыі, дзе праходзіла міжнародная сустрэча скаўтаў. У Івянцы гэты маладзёжны рух – ён у чымсьці нагадвае валанцёрскі, аднак мае свае сімволіку, традыцыі і дэвіз “Будзь гатовы!” – вельмі папулярны і актыўна развіваецца.

 …Шмат ідэй і натхнення маладой настаўніцы дораць падарожжы. Часам адзін дзень, праведзены ў далёкай дарозе, дае столькі пазітыўных эмоцый і ўражанняў, незабыўных сустрэч, колькі не атрымаеш за некалькі гадоў жыцця дома. І не важна, што перад вачамі: ціхая прыгажосць беларускай глыбінкі альбо каларытная архітэктура і шарм еўрапейскіх гарадоў.

Вандраваць Аксана Аляксандраўна звычайна адпраўляецца адзін раз у сезон. Падарожнічае ў кампаніі сябровак. Шукальніц прыгод збіраецца ад 5 да 10 чалавек. Загадзя складаюць маршрут: стараюцца так, каб частку праехаць на цягніку, а потым ісці па ціхіх лясных дарогах. Усе рэчы – і рукзакі, і палаткі – “цягнуць” на сабе. З апошніх маршрутаў па Беларусі – Солы і Жупраны. Пешшу яны падарожнічалі па рамантычнай Францыі, сустракалі надзвычайна маляўнічыя світанкі ў даламітавых гарах Іспаніі, любаваліся непаўторнымі пейзажамі сонечнай Італіі.

Менавіта дарогі дораць маладой настаўніцы той зарад шчасця і жыццярадаснасці, якім яна затым шчыра дзеліцца са сваімі вучнямі.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий