Летапiсец Валожынскай зямлi

4-30-09

У верасні адзначыў свой 90-гадовы юбілей старэйшы настаўнік і краязнавец раёна Мечыслаў Францавіч НОВАК. Гэты чалавек прысвяціў сябе таму, каб маладыя пакаленні ведалі і цанілі гісторыю, не толькі сусветную, але і роднай Бацькаўшчыны.

 
 
 
 
 

Наталля Паўлаўна ЛОЎЧАЯ, дырэктар раённага краязнаўчага музея: “Зараз ужо маю права назваць Мечыслава Францавіча сваім калегам. А напачатку, калі толькі прыйшла працаваць у музей, то я была яго вучаніцай. Ён навучыў мяне ўсяму. І рабіў гэта вельмі дасціпна, даступна. Падчас тых гутарак заўсёды здзіўлялі багатыя веды гэтага чалавека, яго памкненне ў любым пытанні дакапацца да ісціны. Немагчыма стаць краязнаўцам, не будучы патрыётам роднага краю, не маючы ў душы любові да людзей, клопату пра будучыя пакаленні. Дзякуючы такім самаадданым, нераўнадушным асобам, як Мечыслаў Францавіч, захоўваецца і ўзбагачаецца наша духоўная спадчына…

Мечыслаў Францавіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і валожынцаў з вуліцы Легіёнавай (у 1939 годзе перайменавана ў Кастрычніцкую, зараз – Чапаева). Нялёгка жылося ў тыя часы простым людзям. Нават хто меў многа зямлі і лічыўся заможным, працаваў без продыху. Бацькі, вядома ж, хацелі, каб іх дзецям выпала шчаслівейшая доля. Адукацыя давала шанс вырвацца з цяжкіх путаў, таму вучыць, асабліва сыноў, імкнуліся ўсе.

У Валожыне была сямігадовая школа для дзетак-беларусаў. Доўгі час урокі даваліся ў прыватных дамах, у памяшканні царкоўнапрыходскай школы пры Віленскай царкве. Потым з’явіўся будынак, дзе зараз размяшчаецца дзіцячы садзік № 2, а ў 1937 годзе пры актыўнай дапамозе вайскоўцаў пагранічнай часці адкрылася і тыповая на той час школа па вуліцы Набярэжнай. Тут ужо стаялі двухмесныя парты замест чатырохмесных, у класах віселі зручныя школьныя дошкі. Першы паверх адвялі пад гімназію. Стаць гімназістамі хацелі многія, але далёка не ўсім было па кішэні выкладваць за вучобу штомесяц 25 злотых. Сума вялікая, калі ўлічыць, што пуд жыта каштаваў 2 злотыя. Гімназія праіснавала толькі два гады. Хто багацейшы, перавёў дзяцей вучыцца ў Вільню ці Ліду, а бяднейшым засталося задаволіцца сямігадовай адукацыяй. Выкладанне да 1939 года вялося па-польску. Дзеці з яўрэйскіх сем’яў заканчвалі спачатку прыватную яўрэйскую школу, а ў пяты клас прыходзілі ў гарадскую. Яўрэйскія школьнікі вызначаліся вельмі добрай падрыхтоўкай і заўсёды першымі падымалі рукі, калі настаўнік задаваў пытанне. У верасні 1939-га прыйшлі саветы, у школах загучала беларуская і руская мовы. Потым грымнула вайна…

Вышэйшую адукацыю Мечыслаў Францавіч атрымліваў пасля ваеннага ліхалецця. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным педагагічным інстытуце ім М. Горкага на гістарычным факультэце. Пад студэнцкі інтэрнат была адведзена нямецкая салдацкая казарма. Жылі па васямнаццаць чалавек у пакоі. Пасля заняткаў кожны дзень абавязкова адпрацоўвалі тры гадзіны на ачыстцы Мінска ад руін і завалаў. А потым хлопцы беглі яшчэ на таварную станцыю разгружаць вагоны. Гэта давала магчымасць зарабіць нейкую капейчыну, бо з дому мала чым маглі дапамагчы. А маладым хацелася і апрануцца прыгожа, і неяк заглушыць настойлівае пачуццё голаду.

У Валожын М. Ф. Новак вярнуўся настаўнікам гісторыі. Першым месцам працы стала родная школа. Справа ў маладога спецыяліста адразу ж пайшла бойка. Ён меў багатыя веды і выдатна валодаў педагагічнай методыкай. Дыдактычны матэрыял і наглядныя дапаможнікі нярэдка рыхтаваў сам. Напрыклад, калі Мечыславу Францавічу даверылі весці яшчэ і геаграфію, то ён стварыў такую пляцоўку па назіранні за надвор’ем, што яна стала гонарам школы. Асабліва ўражваў вялізазны глобус. Ад металічнага корпуса і да рознакаляровага пакрыцця з пап’е-машэ яго разам з настаўнікам рабілі дзеці, доўга дабіваліся, каб макет Зямлі меў патрэбны нахіл і свабодна паварочваўся на восі. Першы ў раёне музей баявой славы з’явіўся таксама пры непасрэдным удзеле маладога настаўніка, ён жа стаў наватарам і пры ўвядзенні кабінетнай сістэмы навучання – арганізаваў кабінет гісторыі і грамадазнаўства пры СШ № 1 райцэнтра. У школу за вопытам пачалі наведвацца госці, у тым ліку і замежныя дэлегацыі.

Пройдзе не так шмат часу, і Мечыслаў Францавіч атрымае званне Выдатніка народнай асветы БССР, шматлікія Ганаровыя граматы ад райвыканкама, аблана, Міністэрства адукацыі БССР.

Паўстагоддзя свайго жыцця аддаў Мечыслаў Францавіч адукацыі, потым яшчэ 10 гадоў займаўся арганізацыяй і станаўленнем раённага краязнаўчага музея. Паралельна працаваў над гістарычнымі нарысамі. Старанна сабраны матэрыял склаў аснову сямі кніг: “Адчуванне бацькаўшчыны” (2002 г.), “Шлях да хрысціянскіх святыняў” (2004 г.), “Удзячнасць і павага ветэранам Вялікай Айчыннай вайны” (2006 г.), “Крывавы след нямецка-фашысцкай акупацыі ў гісторыі Валожынскага раёна” (2006 г.), “Гонар і слава Валожыншчыны” (2008 г.), “Кніга памяці вогненных вёсак Валожыншчыны (1941-1944)” (2010 г.), “Афганістан – наша памяць і боль” (2014 г.). Гэтыя ўнікальныя матэрыялы перададзены ў цэнтральную раённую бібліятэку і выкарыстоўваюцца настаўнікамі, навукоўцамі, вучнямі і тымі чытачамі, якія цікавяцца летапісам роднага краю. Ужо на заслужаным адпачынку М. Ф. Новак узнагароджваецца нагрудным знакам “За актыўную, шматгадовую і плённую работу ў маральна-патрыятычным выхаванні моладзі” з прысваеннем звання “Ганаровы ветэран Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў”.

Неяк ён прызнаўся, што калі б яму выпаў шанс пачаць жыццё нанова, то не задумваючыся ён зноў бы абраў настаўніцкую прафесію, бо ўпэўнены, што няма на свеце нічога больш цікавага, чым вучыць і выхоўваць дзетак.

М. Ф. Новак і па ўзросце, і па тым укладзе, які ён зрабіў для горада і раёна, і за заслугі ў высакароднай настаўніцкай прафесіі заслугоўвае самых шчырых слоў пашаны. У святочнай мітусні ці за будзённымі клопатамі мы забываемся гэта рабіць. А вось Мечыслаў Францавіч ніколі не палянуецца патэлефанаваць і хораша павіншаваць знаёмых, людзей шмат за сябе маладзейшых, з кожнай прыемнай нагодай. І знойдзе тыя словы, якія найбольш прынясуць суразмоўцу радасці.

Мне пашанцавала нейкі год папрацаваць разам з М. Ф. Новакам. Ён быў дырэктарам, я – маладой настаўніцай, нявопытнай і, цяпер разумею, неапраўдана самаўпэўненай. З якім тактам выслухваў ён мае рэплікі! Недахопы ў рабоце не крытыкаваў, а распачынаў гутарку, быццам хацеў параіцца, паразважаць услых. Не пакрыўдзіў нават строгім позіркам. Але я на яго аднойчы ўсё ж зазлавалася. Памятаю, мы з Мечыславам Францавічам павялі школьнікаў капаць калгасную бульбу. Па нейкіх дырэктарскіх справах ён адлучыўся. Як жа стала сумна на полі! Дзеці капалі, я сачыла, каб яны не дурэлі. Але час без Мечыслава Францавіча цягнуўся марудна. Хвіліны здаваліся бясконцымі, у душы нарастала злосць: “Калі ж ён, нарэшце, вернецца!” Мечыслаў Францавіч з’явіўся са словамі: “А што, бачыш, як я хутка!” Сказаў гэта з усмешкай, лагодна. І мая злосць на яго тут жа адступіла.

Так што, паважаны Мечыслаў Францавіч, вы і самі ці здагадваецеся, колькі жыццёвай мудрасці пакінута вамі ў спадчыну нам, маладзейшым калегам і паплечнікам…

Алена ЗБІРЭНКА

Фота з архіва рэдакцыі

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars