Вывесцi на чыстую ваду

Закон и порядок

Грамадзяне, а таксама некаторыя юрыдычныя асобы, якія несанкцыянавана падключаюцца ці самавольна ўразаюцца ў водаправод, наносяць значны матэрыяльны ўрон не толькі РУП “Валожынскі жылкамунгас”, але і ўсім спажыўцам гэтай паслугі.

Памыляюцца тыя, хто лічыць, што вада бясплатная. Яе кошт залежыць ад таго, наколькі расход у поўнай меры аплачваецца. Вось і атрымліваецца, што ваду крадуць адзінкі, а разлічваемся мы ўсе. Спецыялісты падлічылі, што ў Беларусі да 30 працэнтаў спажыўцоў вадой карыстаюцца, але не плацяць. У нашым раёне неплацельшчыкаў менш, усяго 19 працэнтаў ад усіх карыстальнікаў, а ў развітых краінах Еўропы не больш за 8 працэнтаў. Так што нам ёсць, на каго раўняцца.

Работа, якую праводзяць камунальнікі ў гэтым кірунку, паказала, што для зніжэння страт вады ёсць рэзервы. Найперш неабходна актывізаваць барацьбу супраць самавольных падключэнняў. Праверкі сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення будуць узмоцнены. Толькі за май-жнівень спецыялістамі водаканала выяўлена 10 самавольных падключэнняў.

Неабходна ведаць, што самавольным падключэннем лічыцца не толькі далучэнне да сістэмы без удзелу тэхнічнага нагляду, але і пераабсталяванне без пагаднення водаправодных выпускаў, уводаў, водавымяральных вузлоў, здыманне і замена прыбораў уліку расходу вады без удзелу спецыялістаў водаканалізацыйнай гаспадаркі, а таксама адсутнасць дагавораў на карыстанне вадой. Акрамя таго, што самавольныя падключэнні да воднай сеткі наносяць істотны фінансавы ўрон нашаму прадпрыемству, яны таксама небяспечныя для саміх “самавольшчыкаў” і іх суседзяў. Самавольнае ж падключэнне да каналізацыі яшчэ больш пагражае, бо работа ў калектарах патрабуе спецыяльнага ведання і выканання правіл тэхнікі бяспекі. Таму ў інтарэсах карыстальніка падключацца да сістэм цеплазабеспячэння, водазабеспячэння і каналізацыі толькі на законных падставах.

Самавольнае падключэнне да сістэмы пітнога водазабеспячэння ці каналізацыі з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем і караецца штрафам у памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь. Калі ж такое правапарушэнне ўчынена юрыдычнай асобай, то тут прадугледжваецца штраф да двухсот базавых велічынь.

Калі нашымі спецыялістамі будзе выяўлена самавольнае далучэнне да сістэмы камунальнага водазабеспячэння, то найперш прадугледжваецца адключэнне незарэгістраванага спажыўца, потым яму выстаўляецца рахунак за выкананыя работы і за выкарыстаную ваду. Разлік робіцца згодна з Правіламі карыстання камунальнымі сістэмамі водазабеспячэння і водаадвядзення. Запэўніваю, што выстаўлены рахунак па кішэні ўдарыць моцна, бо можа скласці да трох тысяч дэнамінаваных рублёў. І гэта не будзе яшчэ канчатковым разлікам, бо прадугледжаны і іншыя выплаты.

Вопыт паказвае, што крадуць ваду рознымі спосабамі. У сельскай мясцовасці распаўсюджана такая схема: вада падведзена ў дом на законных падставах, ёсць і лічыльнік. А для гаспадарчых патрэб выкарыстоўваецца калонка, вада з якой не ўлічваецца і ў дагаворы не ўспамінаецца. Нярэдка сустракаюцца выпадкі неаформленых падключэнняў у прыватныя лазні, падсобныя памяшканні, летнія кухні, палівачных шлангаў для агародаў.

Выяўлены і грамадзяне, якія праводзяць незаконныя маніпуляцыі з індывідуальнымі прыборамі ўліку вады, каб знізіць іх паказчыкі. Пры візуальным аглядзе кантралёр распазнае праведзенае механічнае ці магнітнае ўздзеянне, блакіроўку клятчаткі і інш. А экспертыза з лёгкасцю ўсё пацвердзіць.

У апошнія гады на балансе жылкамунгаса аб’екты водазабеспячэння ад сельгаспрадпрыемстваў і іншых арганізацый. З асноўнай часткай спажыўцоў дагаворы былі перазаключаны. Але некаторыя грамадзяне, якія даўно правялі самавольнае падключэнне вады, усё яшчэ марудзяць і не ўзаконілі сваё карыстанне. Раю ўсім не чакаць, калі на вас абрушацца суровыя меры пакарання, а звярнуцца ў разлікова-касавы цэнтр ці ўчастак водаканалізацыйнай гаспадаркі для заключэння дагавора на аказанне паслуг без накладвання штрафных санкцый.

Гэта яшчэ можна зрабіць у кастрычніку падчас спецыяльнай акцыі для тых, хто хоча ўзаконіць сваё водазабеспячэнне. У далейшым пры выяўленні фактаў несанкцыянаванага падключэння штраф будзе накладвацца ў поўным памеры.

Хачу таксама звярнуцца да ўсіх грамадзян: паважаныя спажыўцы! Ваша плата за ваду прама залежыць ад таго, ці за ўсю спажытую ваду заплаціў ваш сусед. Калі вы не жадаеце плаціць па чужых рахунках, то просім паведамляць пра выпадкі несанкцыянаванага падключэння да водаправода і калонак, а таксама пра парывы труб, працяканні і нечакана ўзніклыя з-пад зямлі “крынічкі” па тэлефонах: 115 або 56630, 54018.

Васіль ГАЛОЎСКІ,

начальнік водаканалізацыйнага ўчастка



Добавить комментарий