Прафесiйны атрыбут – усмешка

Общество

Маленькія пацыенты з задавальненнем наведваюць Пяршайскую амбулаторыю, дзе іх нязменна з усмешкай сустракае ўчастковая медсястра Тамара Пятроўна Більдзюк.

Вось ужо 25 гадоў, як жанчына працуе ў Валожынскай ЦРБ. На ўчастку, які абслугоўвае Пяршайская амбулаторыя, пражываюць 388 юных жыхароў, 27-і з іх яшчэ няма года. 20 немаўлят нарадзіліся сёлета. Гэта ўсё пацыенты Тамары Пятроўны. Пад яе пільным вокам знаходзяцца таксама маленькія жыхары Дорскага і Бабровіцкага ФАПаў. Жанчына праводзіць прафілактычныя медыцынскія агляды, займаецца дыспансерызацыяй, патранажам, вядзе дакументацыю, самых маленькіх падапечных наведвае па месцы жыхарства.

Родам наша гераіня з Крупскага раёна. Пасля заканчэння з чырвоным дыпломам Барысаўскага медыцынскага вучылішча атрымала размеркаванне ў 9-ю клінічную бальніцу горада Мінска, дзе чатыры гады працавала ў кардыялагічным аддзяленні і мела добрыя прафесійныя перспектывы. Але лёс распарадзіўся інакш, аб чым жанчына ніколькі не шкадуе.

Тамары Пятроўне наканавана было сустрэць і пакахаць вясковага хлопца з Валожынскага раёна. Пасля вяселля маладыя вырашылі будаваць сваё сямейнае гняздо на радзіме мужа Мікалая Вітальевіча – у вёсцы Доры. Дзяўчына ўладкавалася ўчастковай медсястрой у Дорскую амбулаторыю. Мясцовае сельгаспрадпрыемства, дзе працаваў муж, выдзеліла маладой сям’і дом, і жыццё пацякло сваім ходам. Амаль трыццаць гадоў Тамара і Мікалай разам, у бліжэйшым часе плануюць адсвяткаваць жамчужнае вяселле. Яны нарадзілі і выгадавалі двух сыноў. Старэйшы атрымаў вышэйшую адукацыю, працуе юрыстам у Маладзечне, стварыў сям’ю і падарыў бабулі з дзядулем унучку. Меншы сын яшчэ вучыцца ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы.

Калі ў 1996 годзе Дорскую амбулаторыю расфарміравалі, Тамары Пятроўне прапанавалі месца ў Пяршаях. Тут жанчына хутка асвоілася ў невялікім дружным калектыве. Медык гаворыць, што прыемна назіраць, як растуць, набіраюцца сіл і розуму маленькія падапечныя, становяцца дарослымі, ствараюць свае сем’і, нараджаюць дзяцей, якіх яна з радасцю прымае пад сваё крыло. Як для прафесіянала для яе вельмі важна, каб падрастаючае пакаленне было здаровым, медработнік робіць для гэтага ўсё, што ад яе залежыць. Шчаслівыя твары дзяцей і іх бацькоў – найвялікшая ўзнагарода для Тамары Пятроўны.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий