“Калi палотны расцвiтаюць…”

Официально

Пад такой назвай у офісе раённага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” адкрылася выстаўка твораў мастачкі з вёскі Седлішча Марыі Іосіфаўны Пратасевіч-Русовіч.

Яна працавала настаўніцай у Пяршайскай СШ, сур’ёзна маляваць пачала, выйшаўшы на заслужаны адпачынак. У сваіх палотнах гэта самабытная мастачка адлюстроўвае навакольны свет, якім не перастае захапляцца, і лічыць яго найлепшым натхняльнікам да творчасці і выхавальнікам эстэтычнага густу. Карціны Марыі Іосіфаўны зразумелыя, лёгкія для ўспрыняцця, выклікаюць замілаванне. Здаецца, што перад вачамі паўстае той свет, які ты калісьці бачыў, але паспеў забыць. Акрамя жывапісу ў выставу ўключаны аплікацыі з саломкі, у якіх таксама адчуваецца рука сапраўднага Майстра…

Арганізатары экспазіцыі, адкамандзіраваныя ў Седлішча, каб адабраць работы для паказу, засталіся пад незабыўным уражаннем ад таго, з якім густам аформлены двухпавярховы старадаўняй архітэктуры дом, вялікі падворак сям’і Русовічаў. Там на кожным кроку можна сустрэць сведчанне таго, што гаспадары ўмеюць ствараць прыгажосць і заўважаюць яе ў самых, здавалася б, звычайных праявах.

Не менш, чым карціны, на адкрыцці выстаўкі зацікавіла і асоба самой мастачкі. Наведвальнікі, а гэта былі людзі розных пакаленняў, лавілі кожнае слоўца Марыі Іосіфаўны, бо яе расказ уключаў не столькі аўтабіяграфічныя звесткі, колькі філасофскія разважанні пра час, людзей, іх звычкі і памкненні. Рэфрэнам жа той сустрэчы можна лічыць такое меркаванне: “Не бойцеся ніякай работы. Шукайце ў ёй задавальненне. Тое, што ствараецца з радасцю, будзе радаваць і вас саміх, і іншых людзей…”

Марыя Іосіфаўна ўсё жыццё пражыла там, дзе і нарадзілася, у Седлішчы. І вось ужо па прысудзе няўмольнага часу яна перайшла ў разрад старэйшых жыхароў роднай вёскі. Але людзі завуць яе па-ранейшаму “наша Марыйка”, і жанчына прызнаецца, што такі зварот лагодзіць яе сэрца: раз не клічуць па бацьку, значыць яшчэ маладая. Сказаўшы гэта, яна ўсміхаецца. Так хораша і шчыра, што не магчыма ўтрымацца, каб не ўсміхнуцца ў адказ.

Першы яе ўспамін прыпадае на гады ваеннага ліхалецця: іх сям’я хаваецца ад нямецкіх карнікаў у жыце. Шорах каласоў назаўсёды застанецца для яе сімвалам надзейнай абароны. У чатыры гады Марыя Іосіфаўна ўпершыню паспрабавала праявіць сябе як мастак. Застаўшыся адна ў хаце, знайшла вугалёк і размалявала ім пабеленую печ кветкамі, птушкамі, матылькамі. На ўра яе творчасць дамашнія не ўспрынялі, але і не сварыліся.

Розныя сваркі наогул абышлі Марыю Іосіфаўну бокам. Разам з мужам Станіславам Антонавічам яны пражылі амаль паўстагоддзя, крыкам ніколі адносіны не высвятлялі. Па прафесіі ён – таксама настаўнік, а яшчэ – першы ацэншчык новых твораў жонкі. За дзесяцігоддзі Марыя Іосіфаўна напісала больш за паўтары сотні карцін. Многія ў якасці падарункаў раз’ехаліся па свеце. Ёсць яны ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, Мінску і Маладзечне, у школах Валожыншчыны і адміністрацыйным будынку КСУП “Пяршаі-2014”.

Апошняе пытанне, якое было зададзена Марыі Іосіфаўне на сустрэчы, датычылася таго, ці можна развіць у сабе калі не мастацкія здольнасці, то хаця б эстэтычны густ. Адказ прагучаў так: “Умейце спыніцца ў сучасным імклівым жыцці і палюбавацца на прыроду, архітэктуру, людзей. Будзьце ўважлівымі. Прыгледзьцеся, і ў мазаіцы кляновых лістоў можна ўбачыць ваяўнічага конніка, а ў абрысах лесу на гарызонце – птушку з бясконцым размахам крылаў… А які палёт для фантазіі дораць зменлівыя аблокі! Потым, калі захочаце гэта перадаць тэхнічна, вам дапаможа любы даведнік па прыкладной творчасці ці Інтэрнэт. Варыянтаў зараз існуе бязмежная колькасць…”

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий