Настаўнiк – не званне, настаўнiк – прызванне

Общество

У канцы верасня работнікі сістэмы адукацыі сустрэліся ў прасторнай зале раённага кінатэатра “Юнацтва”. Нагода – традыцыйнае прафесіянальнае свята, якое адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка. Як правіла, гэтаму мерапрыемству папярэднічае вялікая падрыхтоўчая работа. Робіцца ўсё, каб святочны восеньскі форум тых, хто сее разумнае, добрае, вечнае, прайшоў запамінальна, падарыў зарад бадзёрасці яго шматлікім удзельнікам. А іх звычайна збіраецца некалькі соцень. Сваіх прадстаўнікоў на святочнае мерапрыемства дэлегуюць усе працоўныя калектывы, не забываюцца арганізатары запрасіць і шаноўных ветэранаў працы. Так было і на гэты раз.

Мерапрыемства з нагоды Дня настаўніка – гэта, у першую чаргу, магчымасць падзякаваць за плённую працу майстрам педагагічнай справы, а таксама іх маладым паслядоўнікам. Гэта добрая падстава прааналізаваць ход спраў у навучальным працэсе, гэта і неабходнасць вызначыць задачы на бліжэйшую перспектыву. Прывітаў работнікаў адукацыі намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. Перад шаноўнай публікай выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Чарнышова, шчыра павіншаваў педагогаў, выхавальнікаў і ўсіх, хто мае дачыненне да справы адукацыі, старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі. Прыемна было калегам пачуць словы прывітання з Днём настаўніка і з вуснаў старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М. М. Камінскай.

n-2-5

Восеньскі педагагічны форум прайшоў на эмацыянальнай мажорнай ноце. Уся працяглая праграма мерапрыемства, падрыхтаваная педагогамі і вучнямі гімназіі № 1 горада Валожына, перамяжоўвалася канцэртнымі нумарамі. Галоўнымі артыстамі на раённай сцэнічнай пляцоўцы былі юныя гімназісты, выхаванцы дзіцячых садкоў № 6 і № 3 райцэнтра, таленавітыя дзеці з СШ № 2 горада Валожына, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Яны дарылі педагогам сваё майстэрства, залацінкі таленту. Кожны канцэртны нумар гучаў як знак вялікай падзякі людзям, якія працуюць у сістэме адукацыі раёна і якія ў мінулую пятніцу атрымалі заслужаныя ўзнагароды з нагоды Дня настаўніка.

n-3-5

У прыватнасці, граматай Міністэрства адукацыі адзначана настаўніца беларускай мовы і літаратуры Івянецкай СШ Аліна Генадзьеўна Ярмак, вучаніца якой атрымала дыплом 3-й ступені фінальнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.

n-4-5Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама ўручаны настаўніцы матэматыкі валожынскай гімназіі № 1 Надзеі Анатольеўне Баркоўскай, намесніку дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Валожынскага сельгасліцэя Ірыне Сцяпанаўне Жытарук, загадчыцы Ракаўскага ясляў-сада Тамары Дзмітрыеўне Картыннік, дырэктару Вішнеўскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Але Віктараўне Клімковай, выхавальніку Валожынскага ліцэя Вользе Уладзіміраўне Незабудцы. Падзяку начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама атрымала дырэктар Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Міхайлаўна Зайлянкова.

Раённы выканаўчы камітэт таксама адзначыў уклад у справу навучання і выхавання падрастаючага пакалення наступных педагогаў: Святланы Іванаўны Белановіч, Казіміра Іванавіча Біталя, Таццяны Валер’еўны Гарбачэўскай, Дзмітрыя Васільевіча Ажарэльева і іншых. А самая масавая калекцыя ўзнагарод удзельнікам мерапрыемства была ад раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. Ганаровыя граматы і падзякі на свяце атрымалі 49 педагогаў і іншых работнікаў.

n-5-5Пятнічнае мерапрыемства праходзіла ў двух тэматычных плоскасцях: афіцыйная частка і маштабная ярмарка-продаж, якая разгарнулася на пляцоўцы перад кінатэатрам “Юнацтва”. Кампазіцыі з агародніны і садавіны, саленні, варэнне, выпечка і кандытарскія вырабы дэманстравалі мастацкі і кулінарны талент педагогаў. Сувеніры з гліны, тэкстылю, цестапластыка, лялькі-траўніцы яшчэ раз пераканалі, як шмат умеюць ствараць дзеці пад клапатлівым кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў. Была арганізавана і бяспройгрышная латарэя.

Раённае мерапрыемства з нагоды Дня настаўніка доўжылася некалькі гадзін. Яно падарыла зарад бадзёрасці шматлікім удзельнікам, дало педагогам магчымасць пабачыцца са сваімі калегамі з іншых навучальных устаноў раёна, напоўніла душы пазітывам і святочным настроем.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий