Аўтар славутых “Зямлі” і “Балады”

Культура

У снежні споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца.

Сваім сынам яго з гордасцю называюць Літва і Польшча, а работы выстаўляліся ў лепшых галерэях Львова, Варшавы, Кракава, Пецярбурга.

Ф. Рушчыца называюць польскім мастаком, але сам майстар заўсёды падкрэсліваў беларускія карані продкаў і адносіў сябе да беларускай праваслаўнай шляхты.

На жаль, мы, беларусы, мала знаёмы з творчасцю Рушчыца, які працаваў на сумежжы двух вякоў. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ёсць толькі адна карціна “Ля касцёла”.

Род Рушчыцаў па сваім паходжанні і існаванні ў Берасцейскім павеце – старажытнабеларускі, шляхецкі і шляхетны – карыстаўся здаўна гербам «Ліс», як і род Сапегаў. Сямейства вызнавала грэчаскую веру, хоць часы рэфармацыі не прайшлі для Рушчыцаў мімаходзь. Дзед мастака пазнаёміўся з дачкой харунжага Ганнай Чаховіч і ў 1825 годзе ажаніўся з ёй. У 1836 годзе набыў маёнтак Багданаў, дзе і спачыў у 1848 годзе, пакінуўшы пасля сябе трох сыноў, сярод якіх – Эдвард, бацька Ф. Рушчыца. Маці мастака, Альвіна Мунг, была датчанкай. Пасля шлюбу жылі ў Лібаве, потым у Мінску, а пасля да канца сваіх дзён жылі ў Багданаве. Фердынанд паводле жадання бацькоў быў ахрышчаны ў каталіцкім храме. Яго ж сёстры, згодна з веравызнаннем маці, трымаліся пратэстанцтва. У доме Рушчыцаў панавала верацярпімасць. Адзін дом, старадаўні шляхецкі род, у якім, бы ў чыстай крыніцы, адбіваецца ўсё высакароднае, што не павінна перапыніцца на нашай зямлі.

Мастак Фердынанд Рушчыц нарадзіўся 10.12.1870 года ў маёнтку Багданава, ажаніўся 25.10.1913 года ў Вільні з Рэгінай Рук, дачкой дырэктара Віленскага аддзялення таварыства страхавання. Рушчыцы мелі шасцёра дзяцей: Яніну, Эдварда, Аскара, Еву, Андрэя, Барбару.

У раённым краязнаўчым музеі захоўваецца кніга мастака Ф. Рушчыца “Дзённік”, які ўяўляе сабой незаменную крыніцу інфармацыі пра яго жыццё. “Дзённік” выдадзены ў Польшчы, перакладзены на беларускую мову Ф. Янушкевічам і надрукаваны ў Беларусі ў 2002 годзе. Гэты гістарычны дакумент перадае не толькі ўласныя пачуцці аўтара, але і ўражанні аб падзеях і знакамітасцях тагачаснага жыцця. Выданне змяшчае вялікую колькасць ілюстрацый і фотаздымкаў з сямейнага архіва.

Таленавіты юнак атрымаў выдатную прафесійную падрыхтоўку пад кіраўніцтвам вядучых пейзажыстаў расійскай акадэмічнай школы І. Шышкіна і А. Куінджы. Значную ролю ў развіцці яго эстэтычнага далягляду адыгралі падарожжы. Аднак большасць значных твораў Фердынанд стварыў альбо ў Багданаве, альбо ў яго ваколіцах. І самы вядомы цяпер ужо хрэстаматыйны твор “Зямля” задуманы, падгледжаны і выкананы менавіта тут. Багданава было для Рушчыца той эмацыянальнай асновай творчага быцця, дзе мастак адчуваў сябе ўтульна, быў натхняльнікам у жыцці і творчасці. “Сяджу ў нашай багданаўскай “святыні мар”. Хто сярод гэтай раскошы, абуджанай натуры, перад поўных надзей праявамі магутнасці прыроды, сёння не чуе ў сабе ўрачыстага настрою, не адчувае адраджэння надзеі, якая вяртаецца, – зялёная фарба, так дакладна названая колерам спадзеву, у самых розных яе адценнях, упрыгожвае поўную будучыні зямлю. Грудзі дыхаюць паветрам, гэтай жыватворнай крыніцай, якая паралізуе прышчэпленыя жыццём атручаныя часцінкі. Чалавек забываецца на жыццёвыя халады, хоча пачынаць жыццё нанова, хоча з зямлі, што яго выдала, браць сілы, жыць момантам, жыць шчасцем”.

Ф. Рушчыц шмат дзе пабываў: вучыўся ў Пецярбургу, працаваў у Кракаве, Варшаве, Вільні. У сакавіку 1897 года мецэнат Сава Марозаў прапанаваў за карціну “Млын зімой” 600 рублёў. Атрыманых сродкаў хапіла Рушчыцу на вандроўкі за мяжу. Варшава, Парыж, Берлін, Італія – салоны, выстаўкі, вернісажы – усюды бачны густ, прыгажосць і багацце. Пасля паездкі ён пакідае запісы ў дзённіку: “Можна заставацца верным сваёй бацькаўшчыне, нягледзячы на ўсялякія спакусы… Бачым прыгажосць розных краін, дзівімся іх прыгажосці, аддаём ім належнае… Але ж любім толькі свой край, адчуваем, што ён належыць нам, а мы – яму”.

Ян Булгак, сябра і біёграф Ф. Рушчыца, назваў яго “песняром Зямлі і Дому” пасля таго, як быў запрошаны пагасцяваць у багданаўскай сядзібе. Дом для Фердынанда – гэта не проста жытло, гэта – радавое гняздо, дзе лунаюць цені гісторыі і дух папярэдніх уладальнікаў. Вось што запісаў ён у дзённіку пра сваіх бацькоў напярэдадні калядных свят у 1901 годзе: “Тыя двое людзей створаныя для таго, каб адорваць іншых скарбамі сваіх сэрцаў. Штосьці кранальнае, патрыярхальна-хрысціянскае было ў тым, калі Бацька і Маці пачыналі раскладваць на вялікім стале булкі, яблыкі і грошы для прыслугі. Той спакой і разважлівасць, з якой гэта рабіў Папа, тая радасная ўсмешка, якая была відаць на твары Мамы, – гэта нешта святое, што засталося яшчэ з тых гадоў, калі людзі жылі вялікімі сем’ямі…”. А Дом стаяў на Зямлі, быў яе часткай. Той самай, якой прысвяціў Рушчыц карціну з аднайменнай назвай, якая прынесла яму сусветную вядомасць, а для беларусаў стала сімвалам іх працы, жыцця.

Часта хвалюе мастака будучае яго маленькай радзімы. Калі ў Багданава прыехалі спецыялісты вызначаць трасу запраектаванай лініі чыгункі Ліда-Маладзечна, Рушчыц запісаў у дзённіку: “Прыехалі інжынеры. Яны тут, у Багданаве, нечакана. Не папярэджваючы нікога, не пытаючыся, хаця б з далікатнасці, пра дазвол, вядуць лінію, высякаюць трасу ў лесе, замяраюць будынкі. Зараз траса каля самага маёнтка, так што, можа, прыйдзецца знесці толькі што пастаўленае гумно і хлеў. Маёнтак будзе пасечаны на кавалкі. Амаль цэлую ноч думкі пра будучыню Багданава, пра клопаты, змены, якія прыўнясе будоўля чыгункі ў гаспадарку, не даюць мне заснуць”.

Фердынанд Рушчыц, як вядома, спрабаваў сябе ў розных накірунках – ствараў эскізы дэкарацый да спектакляў Віленскага тэатра, арганізоўваў выставы твораў народнага мастацтва і сам афармляў іх. Плённым было супрацоўніцтва мастака з перыядычнымі выданнямі Віленскага краю.

Пасля смерці мастака была знойдзена картка, напісаная ім самім: “Калі я вымушаны буду з Вамі развітацца, прашу, каб мяне паклалі ў любую зямлю багаданаўскую, у нагах маіх бацькоў найдаражэйшых…”.

У Багданаве, у адным з прыгажэйшых куточкаў старажытнай Валожынскай зямлі, Фердынанд Рушчыц нарадзіўся і тут ён пахаваны. На крутым пагорку знайшлі вечны спакой яго дзед, бабка, бацькі, родныя і блізкія Рушчыцаў. Добрую памяць пакінуў аб сабе мастак у касцёле Марыі ў Вішневе: дзве вялікія, крыху парэпаныя фрэскі ўнутры касцёла – работа Ф. Рушчыца. Іаан Хрысціцель, малы Іісус, Марыя, Тры Каралі – уражанне, што славуты мастак маляваў з натуры, бо твары евангелістаў вельмі падобныя на звычайныя твары сялян.

Валожыншчыне вельмі пашчасціла – менавіта на нашай зямлі нарадзіўся выдатны мастак Фердынанд Рушчыц, прафесар трох акадэмій, доктар мастацтвазнаўства.

Наталля Лоўчая, дырэктар раённага музея.



Добавить комментарий