Культура

Старажытны Лоск, авеяны легендамі, – адзін з самых цікавых, загадкавых населеных пунктаў у нашым раёне. Кожны, хто больш-менш цікавіцца мінуўшчынай, ведае, што гісторыя вёскі цесна звязана з іменем асветніка Сымона Буднага. Значнай славутасцю лічыцца і крыніца Святога велікамучаніка і лекара Панцеляймона.

Драўляная капліца з купеллю і калодзежам знаходзяцца непадалёку храма Георгія Перамаганосца. Месца здаўна карыстаецца павагай у веруючых. Тут сабраны часцінкі ад гары Галгофы, ад месцаў пахавання Багародзіцы, Іакіма і Ганны, Іосіфа Абручніка, ад гары Фавор, ад гары Спакусы, ад каменя з’яўлення Прасвятой Багародзіцы ў Жыровічах, ад каменя з пячоры Іллі Прарока, а таксама зямля з месца пахавання віфлеемскіх немаўлят, забітых па загадзе Ірада.

Месца гэта добраўпарадкавана яшчэ былым настаяцелем царквы айцом Генадзіем Міхеткіным пры падтрымцы дабрачынца Сяргея Мікалаевіча Юрчука. Цяперашні святар айцец Сергій Лінкевіч разам з прыхаджанамі таксама старанна захоўвае аздабленне святыні. Аднак сённяшняе насельніцтва Лоска – пажылыя людзі, якім цяжка даглядаць даволі значны абшар. Таму па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў рамках акцыі “Узнаўленне святынь Беларусі” апеку над крыніцай і яе наваколлем узялі на сябе работнікі ўстаноў культуры.

Нядаўна працоўны дэсант чарговы раз высадзіўся ў Лоску. У выніку сцежка і сходнікі, якія вядуць да капліцы ачышчаны ад смецця, праведзены касметычны рамонт драўляных канструкцый, высечаны хмызняк… І зноў гэты запаветны, аддалены ад тлуму штодзённасці куток Лоска вабіць магчымасцю адпачыць душой, знайсці супакаенне стомленым душам.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота Ганны КАНАНОВІЧ



Добавить комментарий