Жыццё i праца злiлiся ў адно

Культура

Галіна Зыгмундаўна КУЛАК нядаўна адзначыла 80-гадовы юбілей. Лёс не быў асабліва ласкавы да гэтай жанчыны. Цяжкае сіроцкае дзяцінства, праца з ранку да вечара, шлюб праз сватаўство, дзеці, унукі, удаўство – так ткалася палатно яе жыцця. Сёння пенсіянерка, атуленая клопатам родных, сумуе па тым часе, калі кожнае імгненне, кожны дзень былі напоўнены клопатам, калі аб выхадных і адпачынку прыходзілася толькі марыць. Таму пажылая працаўніца сцвярджае: “Не трэба цурацца працы, бо пакуль ты запатрабаваны, пакуль сярод людзей – ты шчаслівы!”

Нарадзілася яна на Іўеўшчыне. Калі дзяўчынцы споўнілася 5 гадоў, трагічна загінуў бацька. Маці адна падымала чатырох дзяцей. Галіна Зыгмундаўна добра помніць вайну, прыход немцаў. Ніколі не забудзе, як яны, дзеці, разам з маці хаваліся ў лесе і цягнулі за сабой карову – сваю карміцельку. У той час сапраўднае няшчасце напаткала і без таго гаротную сям’ю – падчас перастрэлкі загарэлася іх хата. Матулю з малодшымі дзецьмі прытулілі суседзі, пасяліўшы ў старэнькай пуні. Дзесяцігадовую Галю забрала старэйшая сястра. Дзяўчынцы давялося жыць са сваякамі аж да замужжа. Але Галіна не была нахлебніцай. Невядома адкуль узяўся ў гэтага амаль дзіцяці талент выхавальніка, аднак гадавала яна пляменнікаў (а дзяцей у сястры і швагра было шасцёра) даволі ўпэўнена. У няпоўных дванаццаць гадоў няньчыла малых. Зараз жанчына, якая выгадавала двух сыноў, мае ўнукаў, праўнукаў, не можа прыгадаць, дзе браліся тыя навыкі, тая смеласць, каб з ранку да вечара даглядаць грудное дзіця. Дарэчы, пляменнікі выраслі годнымі людзьмі і праз усё жыццё нясуць сваю ўдзячнасць да цёткі.

Багатым на прыгоды жыццё Галіны Зыгмундаўны не назавеш, аднак замуж выходзіла яна зусім не трывіяльна. Муж яе Пётр Іванавіч, ураджэнец Бабровічаў, быў удзельнікам вайны. Перамогу ён сустрэў ажно ў Венгрыі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на радзіму, уладкаваўся на працу ў калгас. Праз нейкі час вырашыў жаніцца, стаў прыглядацца да патэнцыяльных нявест. Ды вось бяда – ніводная не падабалася. А тут знаёмы расказаў аб цудоўнай дзяўчыне – і прыгожая, і разумная, і працаўніца выдатная… Гэты аповед так крануў жаніха, што паездка ў сваты была арганізавана амаль імгненна. Як і чакалася, нявеста прыйшлася даспадобы. Сама ж Галіна была ў разгубленасці. Асабліва бянтэжыла рашучасць жаніха ўступаць у шлюб як мага хутчэй.

Пасля вяселля маладыя пасяліліся ў Бабровічах. З часам пабудавалі ўласны дом. Працавалі ў калгасе. Галіна Зыгмундаўна адзінаццаць гадоў даглядала свіней, пазней, да самай пенсіі, была цялятніцай. Пра падменных у той час і гаворкі не было, таму з дня ў дзень яе працоўны расклад амаль не мяняўся: ферма, хатнія клопаты, зноў ферма і г. д. З гонарам успамінае ўласныя дасягненні, узнагароды, як атрымлівала падарункі, як ставілі ў прыклад іншым работнікам кіраўнікі…

Пятра Іванавіча няма ў жывых ужо дзявяты год. Безумоўна, у іх сям’і не ўсё было ідэальным, аднак іншага спадарожніка жыцця яна сабе не ўяўляе. Зараз яе дні поўняцца радасцю сустрэч з сынамі, нявесткамі, унукамі, праўнукамі, пляменнікамі і іх сем’ямі. Родныя не забываюць Галіну Зыгмундаўну, аднак яна заўсёды ў чаканні – ці не пад’едзе да варот машына, ці не пачуецца ў двары дзіцячы смех. У бабулі Галі падрыхтаваны пачастункі для кожнага з яе шматлікай радні. Галіна Зыгмундаўна – чалавек сціплы, яна нават для сваякоў не хоча быць цяжарам. Толькі зімой можа дазволіць сабе пажыць у сына, аднак з першымі промнямі вясенняга сонца душа яе рвецца да свайго кута.

Безумоўна, ёй бывае сумна. Тады жанчына ўспамінае самыя светлыя моманты жыцця, прыемныя сустрэчы, нават вершы, якія вывучыла яшчэ школьніцай. Любіць яна добрыя фільмы, пажадана на тэму вясковага жыцця, такія, як, напрыклад, “Людзі на балоце” паводле рамана Івана Мележа. Гэты твор такі зразумелы, так пераплятаецца з яе ўласным лёсам, што больш за ўсё з прачытанага і ўбачанага на экране кранае жанчыну, для якой паняцці “жыць” і “працаваць” назаўсёды зліліся ў адно.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий