Беларусь: падзеі і факты

Официально

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час адкрыцця IV Беларуска-пакістанскага дзелавога і інвестыцыйнага форуму заклікаў бізнесменаў Пакістана больш шырока выкарыстоўваць прамысловыя магчымасці Беларусі.

«Заклікаю пакістанскіх бізнесменаў больш шырока выкарыстоўваць нашы прамысловыя магчымасці ў рэалізацыі разнастайных інфраструктурных праектаў у вашай краіне. Гатовы да супрацоўніцтва з вамі такія буйныя беларускія прадпрыемствы, як Мінскі трактарны завод, Беларускі і Мінскі аўтамабільныя заводы, «Амкадор», «Бабруйскаграмаш», «Гомсельмаш», «Лідсельмаш», якія добра зарэкамендавалі сябе на сусветных рынках», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што трэба зрабіць канкрэтныя крокі па стварэнні сумесных прадпрыемстваў у галіне перапрацоўкі мяса і малака, вытворчасці дзіцячага харчавання, кансервацыі прадуктаў. «Нам трэба абавязкова вызначыць 3-4 важныя для Беларусі і Пакістана праекты і неадкладна пачаць іх рэалізацыю. Заўсёды нешта пачынаецца з малога. На гэтых прыкладах усе бізнесмены як у Беларусі, так і ў Пакістане ўбачаць, як трэба працаваць. Тыя, хто пойдуць на гэтыя першыя праекты, будуць першаадкрывальнікамі, першапраходцамі. І праз іх Пакістан і Беларусь больш цесна азнаёмяцца з магчымасцямі ў той і другой краіне», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адной з асноў эканамічнай формулы двухбаковых адносін разам з прамысловай кааперацыяй можа стаць сельская гаспадарка. У бліжэйшай перспектыве могуць быць сур’ёзныя зрухі па актывізацыі супрацоўніцтва паміж банкамі, у сферах лёгкай прамысловасці, лясной гаспадаркі, мытнай справы, у галіне стандартызацыі і сертыфікацыі. Абмяркоўваецца пытанне аб адкрыцці паміж Беларуссю і Пакістанам прамых паветраных зносін.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *