Малады ветэран…

Общество

За добрасумленную працу ў галіне сувязі, прафесіяналізм, высокія вытворчыя паказчыкі, адданасць прафесіі начальніку Дорскага аддзялення паштовай сувязі Людміле Анатольеўне ГАНЧАРЫК прысвоена званне “Ветэран працы РУП “Белпошта”.

Такое званне даецца людзям, якія добрасумленна адпрацавалі на пошце не менш за 20 гадоў. Менавіта столькі іх праляцела, як Людміла Анатольеўна ўладкавалася ў Дорскае паштовае аддзяленне.

Спачатку працавала ў мясцовай бібліятэцы, а пасля 14 гадоў выконвала абавязкі паштальёна. Калі з’явілася вакансія, добрасумленнаму работніку прапанавалі месца начальніка аддзялення.

Якраз у гэты час пачалі ўводзіць камп’ютары. Людміла Анатольеўна хвалявалася, бо справа была зусім незнаёмая, але дарэмна. Яна хутка асвоіла ўсе патрэбныя праграмы. “Цяпер цяжка ўявіць, — кажа жанчына, — як раней без гэтай тэхнікі абыходзіліся. Камп’ютарызацыя дае зусім іншыя магчымасці, гэта вялікая палёгка ў рабоце. Сёння абысціся без камп’ютара немагчыма”.

Л. А. Ганчарык ужо 6 гадоў начальнік аддзялення, якое абслугоўвае 11 населеных пунктаў. Даведзеныя планы перавыконваюцца, за мінулы месяц выручка склала 2400 рублёў пры плане 2000. У IV квартале на аддзяленне дастаўляецца 401 экзэмпляр друкаваных выданняў. Іх з нецярпеннем чакаюць больш чым у 180 дварах. У падначаленні Людмілы Анатольеўны два паштальёны.

Як і на любой рабоце, у паштавікоў не абыходзіцца без праблем. Апошнім часам найбольш іх узнікае падчас падпісной кампаніі, бо колькасць насельніцтва ў вёсках змяншаецца. Асабліва складана бывае правесці падпіску на апошні і першы кварталы, многія вясковыя жыхары перабіраюцца на зіму да дзяцей у горад.

Людміла Анатольеўна заўсёды сустракае наведвальнікаў аддзялення шчырай усмешкай. Вясковыя людзі паважаюць яе за ветлівасць, дабрыню, добрасумленныя адносіны да працы і з задавальненнем заходзяць не толькі па справах, а, бывае, і проста пагутарыць. Жанчына і кліентаў абслужыць, і адначасова раскажа пра навіны, што адбыліся ў краіне і свеце, і пажартуе, каму пэўнае выданне параіць, з кім удалым рэцэптам падзеліцца. Яна з радасцю ідзе на работу, якая прыносіць ёй задавальненне.

Анжэла Радына,

фота аўтара



Добавить комментарий