Для яе няма дрэннага надвор’я

Общество

З паштальёнам Бабровіцкага аддзялення паштовай сувязі Аленай Анатольеўнай ШАРКО чытачы раённай газеты добра знаёмы. З нагоды Сусветнага дня пошты ў нас з’явілася магчымасць сустрэцца з гэтай мілавіднай жанчынай яшчэ раз. За асабісты ўклад у развіццё паштовай сувязі і дастойнае аказанне паслуг насельніцтву паштальён узнагароджана Ганаровай граматай  ад Мінскага філіяла РУП “Белпошта”.

Алена Анатольеўна ўсёй душой адданая прафесіі, любіць сваю няпростую і адказную работу. Спраў у паштальёна — хоць адбаўляй, на яе абслугоўванні дваццаць чатыры вёскі, дзе пражываюць 850 чалавек, большасць з іх – пенсіянеры. У Бабровічы, Саланую, Носавічы і Бурнейкі жанчына наведваецца штодзень. Амаль у кожны двор трэба зайсці. Да адных — каб прадоўжыць падпіску на газеты, часопісы, да другіх — каб прынесці паштоўку ад родных, трэція хочуць набыць нейкі тавар… З 5 па 26 чысло кожнага месяца Алена Анатольеўна разносіць пенсіі ў астатнія дваццаць вёсак.

У паштальёна няма скідак на дождж, снег, моцны мароз. Людзі чакаюць газеты, часопісы, пісьмы, і Алена Анатольеўна, не зважаючы на ўмовы надвор’я, рэгулярна дастаўляе іх па прызначэнні.

Многім пажылым людзям патрэбна ад паштальёна проста цёплае слова, некаторыя звяртаюцца нават па тых пытаннях, якія знаходзяцца не ў яе кампетэнцыі. А. А. Шарко нікому не адмаўляе, бо яна па натуры вельмі добры і чулы, памяркоўны і спагадлівы чалавек. Акрамя таго, шкадуе старых, нямоглых вяскоўцаў. Таму і стараецца заўсёды задаволіць іх просьбы.

Даведзеныя планы Алена Анатольеўна заўсёды выконвае і перавыконвае. На IV квартал 2016 года падпісала перыядычных выданняў на 2580 рублёў. Кожны месяц паштальён рэалізуе тавараў на 500 рублёў, а ў летнія – выручка ад продажу дасягае і 800. Асабліва карыстаюцца попытам крупы, цукар, салодкія вырабы, насенне, чай, кава, тавары бытавой хіміі. Па просьбах вяскоўцаў недзе на 35 рублёў жанчына робіць заказы  на беларускія тавары ў інтэрнэт-магазіне.

Паштальён – прафесія вандроўніка, толькі падарожнічаць прыходзіцца па строга вызначаным участку. Знаёмым маршрутам Алена Анатольеўна крочыць штодзень і прыветліва ўсміхаецца людзям. А яны таксама сустракаюць яе з усмешкай.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий