Разам яны – каманда

Официально

Шматдзетная сям’я СЕЎРУКОЎ з вёскі Суднікі прадставіла Валожыншчыну на конкурсе “Уладар сяла”, што чарговы раз праводзіўся на Міншчыне. Мерапрыемства ладзілася ў аграгарадку Янавічы Клецкага раёна. Удзельнікі ад нашага раёна ўдастоіліся спецыяльнага прыза ад абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, які ўручыла старшыня савета Марыя Мікалаеўна Худая.

Спяшаемся пазнаёміць чытачоў з пераможцамі раённага, дыпламантамі абласнога этапаў гэтага цікавага маладзёжнага праекта.

Муж і жонка Сеўрукі – яшчэ зусім маладыя людзі. Таму даволі дзіўна, што іх старэйшыя дзеці такія дарослыя. Між іншым, Сашу пятнаццаць гадоў, Маргарыта на год маладзейшая, Віялеце споўнілася восем, Ваню – шэсць, а самаму малодшаму Мікалаю – амаль тры.

Марына Аляксандраўна – безумоўны сямейны лідар, так бы мовіць, генератар ідэй. Яна прыехала з бацькамі на Валожыншчыну з Дзяржынскага раёна, калі ёй было шэсць гадоў. Міхаіл Іванавіч – мясцовы. Бацькі маладых людзей працавалі жывёлаводамі, дзеці ім дапамагалі, таму перасякаліся даволі часта, разам бывалі на дыскатэках. Марыне падабалася Мішава сур’ёзнасць. Між імі розніца ў восем гадоў, таму ўвага дарослага кавалера была прыемнай. А юнак цаніў Марыну за добры характар, уменне паводзіць сябе ў любых абставінах, за пачуццё гумару. Да таго ж яна была і застаецца сапраўднай прыгажуняй.

Ранні шлюб не дазволіў маладой жанчыне набыць адукацыю, але гэта занатавана ў асабістых планах. Яна мае намер вывучыцца на заатэхніка. Як адзначаюць калегі гэтай спрытнай жанчыны, ёй уласцівы арганізатарскія здольнасці, рашучасць, творчы падыход да любой справы. Нягледзячы на клопат аб сваёй немалой сям’і, яна не пазбаўлена амбіцыёзных памкненняў. Што ж, ёй толькі трыццаць гадоў, дзеці падраслі, муж дзвюма рукамі “за”… Магчыма праз нейкі час сельская гаспадарка раёна абагаціцца новым перспектыўным спецыялістам ці нават кіраўніком. Сёння ж, адклаўшы на пасля мару аб адукацыі, Марына працуе ў мясцовай гаспадарцы лабарантам – адказвае за якасць малака. У 2015 годзе яна адзначана ордэнам Маці. Дзень, калі атрымала ўзнагароду, жанчына ўспамінае з гонарам.

Міхаіл у пэўным сэнсе знаходзіцца ў цяні сваёй актыўнай жонкі. Спакойны, сарамлівы, не вельмі гаваркі… Ён – механізатар, але зараз працуе жывёлаводам. У гэтага чалавека, па словах родных і знаёмых, – залатыя і рукі, і характар.

Дзеля таго, каб іх дзеці былі забяспечаны ўсім неабходным, мужу і жонцы даводзіцца шмат працаваць. Агарод, свойская жывёла… Усё гэта патрабуе шмат сіл. Проста накарміць столькі чалавек – затратная і на час, і на сілы справа. Тым не менш, Сеўрукі спраўляюцца. Марына с цяплом расказвае аб свекрыві – таксама шматдзетнай маці, якая гатова падтрымаць сям’ю сына ў любую хвіліну. Ды і дзеці самі даўно сталі адмысловымі памочнікамі бацькам.

Старэйшы хлопчык у сям’і Саша – юнак самастойны. Так складваецца яго спартыўная кар’ера, што амаль цэлы год ён жыве асобна ад сям’і. Ён – выхаванец школы алімпійскага рэзерву ў Плешчаніцах. Юны лёгкаатлет мае шмат узнагарод – грамат, падзяк, дыпломаў і медалёў. Калісьці хлопчык, які вызначаўся гіперактыўнасцю, выклікаў у бацькоў занепакоенасць, але зацікаўленасць спортам зрабіла яго больш стрыманым, удумлівым, дысцыплінаваным. Сям’я ганарыцца сынам і братам, ён – прыклад для малодшых, асабліва хлопчыкаў – Вані, які нядаўна займеў новы статус – стаў першакласнікам, і агульнага любімца – Колі.

Маргарыта таксама абсалютна самадастатковы чалавек, які наконт любой справы мае ўласную думку, за словам у кішэнь не лезе, работы ніякай не цураецца. Юная прыгажуня (а яна сапраўды незвычайна прыгожая) даўно стала дастойнай заменай маці ў гаспадарскіх пытаннях. Умее ўсё: уборку арганізаваць, малых пазабаўляць, карову падаіць, прыгатаваць абед… А хобі ў дзяўчыны таксама вельмі карыснае – яна выпякае смачныя і прыгожыя пірагі і тарты.

Малодшыя хлопчыкі адрозніваюцца характарамі як ад старэйшага брата, так і адзін ад аднаго. Ваня – спакойны, не любіць шумныя гульні, прыхільнік камп’ютара. Мікалай жа наадварот – ком энергіі. Баязлівец – гэта не пра яго! Такога дома не ўтрымаеш, асабліва калі ёсць магчымасць пакатацца на машыне ці яшчэ лепш на трактары.

Сапраўдным упрыгожаннем у гэтай сям’і можна лічыць Віялету. Яна не такая ўпэўненая ў сабе, як Маргарыта, нават трохі летуценніца – жыве ў цудоўным свеце музыкі, выяўленчага мастацтва, а ў будучыні бачыць сябе выключна на сцэне.

Вось такой выглядае іх дружная каманда, у якой кожны ўдзельнік – асоба. Яны нічога не робяць напалавіну. Таму так годна выглядалі ва ўсіх эпізодах конкурснай праграмы. Асабліва спадабалася журы іх візітка –  сямейны ансамбль разам з артыстамі з гурта народнай песні “Гасцінец” прадэманстравалі абрад “Багач”. А шыкоўныя пачастункі і падарункі, якія былі прадстаўлены нашай камандай, былі ацэнены не толькі журы, але і гледачамі.  Калі я запытала ў Сеўрукоў, адкуль сілы на падрыхтоўку і ўдзел у двух конкурсах, якія адбыліся хутка адзін за адным, яны амаль у адзін голас запэўнілі, што калі здарыцца трэці – яны з радасцю прымуць удзел і ў ім. І не таму, што маюць шмат вольнага часу, а таму, што няўрымсліваць, жаданне жыць не сумна характэрны кожнаму члену гэтай творчай сям’і.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий