ПАПАЎСЯ НА КРАДЗЯЖЫ
З заявай на злодзея да супрацоўнікаў праваахоўных органаў звярнуўся жыхар Ракава. Ён паведаміў міліцыянерам, што ноччу з яго грузавога аўтамабіля быў украдзены электраінструмент. Пошукі вінаватага цягнуліся нядоўга. Спецыялісты ўстанавілі, што “прапажу” двух электрадрыляў, двух шрубавёртаў, вуглашліфавальнай машынкі і іншых рэчаў на агульную суму 1550 рублёў “арганізаваў” беспрацоўны раней судзімы 26-гадовы ракаўчанін. Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС, украдзенае знойдзена часткова.
Як высветлілася, гэты мужчына вінаваты і яшчэ ў адным учыненым злачынстве. Ледзь паспеўшы вызваліцца па амністыі ад папярэдняга пакарання ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі, ён пранік у незапёрты аўтамабіль ракаўчаніна і выкраў з яго аўтамагнітолу. Наперадзе зламысніка зноў чакае суд.
“ПОПЫТ” НА ВЕЛАСІПЕДЫ…
Супрацоўнікі праваахоўных органаў займаюцца цяпер і ўстанаўленнем асобы “аматара” веласіпедаў, які “адзначыўся” адной з нядаўніх начэй у Івянцы. Адціснуўшы металічныя дзверы, абсталяваныя дамафонам, рабаўнік украў два двухколавыя транспартныя сродкі коштам 380 і 510 рублёў адпаведна, што стаялі ў тамбуры і не былі прышпілены да перылаў лесвіцы. Узбуджана крымінальная справа.
Падобная гісторыя адбылася і ў жыхаркі вёскі Забрэззе. На яе веласіпед, які гаспадыня пакінула ля плота аднаго з будынкаў у Гародзьках, сярод белага дня паквапіўся жыхар вёскі Алешчаняты. Міліцыянеры адабралі веласіпед і вярнулі законнай уладальніцы.
Нават тое, што яшчэ два веласіпеды ў абсталяваным дамафонам пад’ездзе аднаго з дамоў у мікрараёне Сельгастэхніка гаспадыні прышпілілі тросавымі замкамі, не стала перашкодай для невядомага злачынца. У выніку ўладальніцам прычынены матэрыяльны ўрон на агульную суму 650 рублёў.
ДАРОЖНАЯ ТРАГЕДЫЯ
адбылася вечарам на 85-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Гродна. Вадзіцель з Гродна, які рухаўся ў бок роднага горада, пры раз’ездзе з сустрэчным аўто здзейсніў наезд на жанчыну-пешахода. У выніку ад атрыманых траўм пенсіянерка з вёскі Рум загінула на месцы ДТЗ. Вадзіцель быў цвярозы, а вось у жанчыны не аказалася пры сабе святлоадбівальнага элемента. Гэта і сыграла канчатковую, страшную ролю…
МАБІЛЬНЫ ЗНІК
Супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай службы РАУС прынялі паведамленне і аб прапажы маёмасці мінчаніна з дачнага дома ў Яршэвічах. Невядомы злодзей, скарыстаўшыся адсутнасцю гаспадара, пранік у хату і вынес адтуль мабільны тэлефон з флэш-картай, ацэнены ў 410 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
НА РАХУНКУ – НУЛЬ…
Праваахоўнікам не спатрэбілася шмат часу на расследаванне справы жыхара вёскі Ганчары, у якога з карт-рахунка зніклі грошы. Як выявілася ў час праведзенай праверкі, руку да страты 348 рублёў прыклала раней судзімая жыхарка вёскі Вядзернікі, якая скарысталася пластыкавай картай і пін-кодам уладальніка ў сваіх мэтах. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
ПАВАЯВАЛІ…
Ракаўчанін паскардзіўся ў міліцыю на мужчыну з Аксакаўшчыны, з якім яны не змаглі мірна разысціся каля кафэ “Лясное”. Канфлікт разгарэўся а палове чацвёртай гадзіны раніцы. У выніку прыезджы ўдарыў небараку галавой у твар, зламаў яму нос і прычыніў іншыя цялесныя пашкоджанні, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх. Кропку ў іх адносінах паставіць суд.
Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках
падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ